Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 студзеня 2024, 10:30

Супрэматызм і абстракцыя. Прысвечаная "Чорнаму квадрату" Малевіча выстава адкрылася ў НББ 

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава "1,10 квадрата", прымеркаваная да 110-годдзя "Чорнага квадрата" Казіміра Малевіча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстава арганізавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў і з'яўляецца адной з экспазіцый агульнага праекта, які будзе праходзіць у 2024 годзе на некалькіх выставачных пляцоўках краіны. Праект прысвечаны юбілею фундаментальнага сімвала новага мастацтва XX стагоддзя, эталоннаму элементу супрэматызму - "Чорнаму квадрату" Казіміра Малевіча. На выставе прадстаўлены работы віцебскіх мастакоў, натхнёных творчасцю Казіміра Малевіча і супрэматызмам.
"Думаю, у Віцебску кожны мастак лічыць сябе абавязаным хоць адну работу ў сваім жыцці прысвяціць Казіміру Малевічу, таму што гэта горад, у якім практычна нарадзіліся парыжская школа і супрэматызм. Мне здаецца, што прыцягальнасць авангарда таго часу застаецца і сёння. Мы спрабуем трансфармаваць авангард і паказаць, што ў пэўны момант часу "Чорны квадрат" прарваў мастацтва і даў зразумець: погляд на яго можа быць іншым. Праз піксель, кропку або экран можна зусім па-іншаму ўспрымаць свет", - расказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.
"Мастакі, якія цяпер жывуць у Віцебску і лічаць сябе пераемнікамі тэорыі Малевіча, спрабуюць шукаць нешта новае. У Віцебску пастаянна праходзіць вялікая колькасць розных выстаў і праектаў. На гэтай прадстаўлены вельмі розныя аўтары, але кожны з іх, з аднаго боку, робіць сваё мастацтва эмацыянальным, а з другога - вельмі філасофскім. А ў цэлым мастацтва XX і XXI стагоддзя пасля Малевіча вызначаецца тым, што мы сталі спрабаваць прачытваць у ім схаваныя сэнсы", - падкрэсліла Наталля Шаранговіч.
"Назва выставы вельмі канцэптуальная, як і яе змест. У ім можна ўбачыць алюзію на 110-гадовы юбілей. Яшчэ "0,10", - гэта назва апошняй футурыстычнай выставы карцін, на якой у 1915 годзе Казімір Малевіч прадставіў свае абстрактныя работы і канцэпцыю супрэматызму. Нуль сімвалізуе адсутнасць форм, бо напрамак супрэматызму прадугледжваў знаёмства з жывапісам без увагі да контураў і аб'ёмаў твора. А 10 адсылае да дзесяці мастакоў, якія павінны былі ўдзельнічаць у выставе ў 1915 годзе. У выніку іх аказалася шэсць чалавек, але назву выставы пакінулі "0,10", - растлумачыла загадчыца сектара мастацкіх выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вікторыя Харытонава.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі