Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 лістапада 2022, 13:07

Супрацьборства і нястомная прага творчай працы: аб чым прэм'ера "Наш космас" у Купалаўскім

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 24 і 30 лістапада прадставяць прэм'еру пластычнага спектакля "Наш космас" рэжысёра Данііла Філіповіча. Аб чым раскажа пастаноўка, з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліліся акцёры, занятыя ў ёй.

Спектакль расказвае аб творчым і асабістым шляху мастака - ад дзяцінства да старасці. "Роля складаная фізічна з-за таго, што тры чалавекі іграюць аднаго персанажа. Але ў нас розныя ўзроставыя перыяды і розныя гісторыі: у некага гэта ўзаемаадносіны з бацькамі, у некага - пошук любві, і ва ўсіх разам - пошук сябе, ідэі і прыход да яе. Я іграю героя ў маладым узросце, самым бурным, але ў той жа час у самым няўпэўненым. Бо калі ты дарослы, ты ўжо ўсё зведаў, спасціг, а калі ты ў юнацтве, усё для цябе пратэст, усё незразумела і складана. Старыя парадкі ўжо не прымаюцца, а новыя ты яшчэ не спазнаў", - расказаў артыст тэатра Барыс Цяцёркін.

Паводле яго слоў, гэты вобраз мастака можна перанесці і на іншага творчага чалавека, напрыклад, акцёра. "Мы з рэжысёрам працавалі ў пастаянным тандэме, кожны дзень знаходзілі нешта новае", - дадаў Барыс Цяцёркін.

"Мне дасталася роля мастака ва ўросце 12-14 гадоў. Гэта час сварак з бацькамі. Канаты ў сцэне са мной сімвалізуюць груз, які мастак нясе з сабой. На яго ціснуць сваркі, ён навальвае на сябе цяжар адказнасці, увесь боль і смутак. У адной са сцэн я вызваляюся ад гэтых кайданоў, таму што разумею: творчасць - гэта адзінае, што ратуе мяне з гэтага цяжкага лёсу. Крумкачы вакол мяне ўвасабляюць думкі, страхі, сумненні, якія ўвесь час мучаюць, ідэі, якія прыходзяць або, наадварот, адрываюць ад твайго галоўнага шэдэўра", - падзялілася артыстка тэатра Наталля Шчарбакова.

Дзяўчыне складана выконваць мужчынскую ролю, дадала яна. "Паколькі фізіялогія часта выдае жаноцкія рухі. Але я люблю іграць хлопчыкаў. Вядома, і фізічна, і маральна складана, але мы займаемся справай, якая нам падабаецца. Рэпеціравалі з 22 жніўня", - адзначыла Наталля Шчарбакова.

Ролю мастака ў пажылым узросце сыграў артыст Ілья Галушкін. "Цяжка было ўвайсці ў ролю: я ж малады, а мне трэба было іграць старога. Я вельмі шмат размаўляў з харэографам, каб мы прыйшлі да нейкай агульнай роўніцы ў пластыцы. Затое я разумеў першапачаткова ўсю сутнасць гэтай ролі. Гэта ж успаміны мастака, увесь спектакль - успаміны з дзяцінства, з юнацтва. Мастак шукае натхнення, але не ведае, дзе знайсці. І пачынае ўсё ўспамінаць: бацькоў, каханне, тое, як ён першы раз спрабаваў нешта намаляваць", - расказаў Ілья Галушкін.

У пастаноўцы пры дапамозе рухаў, жэстаў, танца ў спалучэнні з беларускімі народнымі песнямі раскрываецца драматычная гісторыя пачуццяў, супрацьборства і няўтольнай прагі творчай працы. "Спектакль поўнасцю пластычны: усё перадаецца праз пластыку жэстаў, міміку, танец. Так паказваецца, што стаіць за стварэннем таго ці іншага шэдэўра. Якія выпрабаванні праходзіць мастак, унутраныя перажыванні - усё гэта паказваецца праз карціны нашых беларускіх мастакоў, якія дэманструюцца на экране", - дапоўніла прэс-сакратар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ганна Кавалёва.

Прэм'ерныя паказы спектакля "Наш космас" пачнуцца ў 19.00. Аўтарам ідэі і рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Данііл Філіповіч, мастаком-пастаноўшчыкам - Аляксандр Камянец, харэографам - Вадзім Дубовік, кампазітарам - Андрэй Цалко.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі