Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 верасня 2019, 17:19

Сучасны мастацкі тэатр адзначыць 15-гадовы юбілей

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сучасны мастацкі тэатр правядзе 25 верасня юбілейны вечар "15 гадоў без права на бюджэт", паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік, рэжысёр СМТ Уладзімір Ушакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Менш чым праз тыдзень нашаму Сучаснаму мастацкаму тэатру споўніцца 15 гадоў. Некалі мы пачыналі з праекта "Віртуозы сцэны", дзе рабілася стаўка на папулярных артыстаў, зорак беларускага кіно. Але роўна 15 гадоў таму вырашылі змяніць канцэпцыю і, ствараючы свой прыватны тэатр, паставілі на маладых, але даволі таленавітых акцёраў, - расказаў Уладзімір Ушакоў. - Мы захацелі размаўляць на актуальныя тэмы з высока мастацкай літаратурнай асновай. І дзякуючы гэтаму шмат гадоў прапрацавалі ўжо і можам дазваляць сабе чатыры новыя пастаноўкі ў год, уздымаць тэмы, якія нас хвалююць: аб чалавечых адносінах, грамадстве, нашай краіне".

Паводле слоў мастацкага кіраўніка, за 15 гадоў калектыў паставіў больш за 35 спектакляў. "У тэатры былі розныя перыяды, - заўважыў ён. - Цяпер у нас добрая творчая атмасфера і дружны з'яднаны калектыў, які можа ўпэўнена працаваць на працягу сезона".

"Ва Уладзіміра Ушакова атрымалася стварыць тэатр, які можна лічыць з'явай у нашай краіне, - выказаў меркаванне акцёр тэатра Віталь Новікаў. - Для мяне СМТ - гэта магчымасць самавыяўлення, магчымасць рабіць тое, да чаго мяне прывяло жыццё. За 15 гадоў тэатр ужо мае сваю публіку, адданых паклоннікаў. СМТ ужо сёння ўпісаў свой радок у тэатральную гісторыю і жыццё краіны".

Тэлерадыёжурналіст Таццяна Мартынава, якая будзе адной з вядучых юбілейнага вечара, расказала, што тэатр рыхтуе "цалкам незвычайную праграму". "Цікавасць аўдыторыі да гэтага тэатра з кожным годам толькі расце, таму і іх эксперыменты становяцца больш яркімі, а ўсе спектаклі праходзяць пры поўным аншлагу", - сказала яна. Паводле слоў журналісткі, на гэты раз за адзін вечар публіка зможа паглядзець большасць апошніх спектакляў, зразумела, урыўкамі, з удзелам не толькі прафесійных акцёраў. На сцэну выйдуць такія вядомыя асобы, як Ягор Хрусталёў, Уладзімір Максімкаў, Ларыса Грыбалёва, Іна Радаева, Ваня Вабішчэвіч, Люцыя Лушчык. Не абыдзецца юбілей без прызоў і падарункаў.

Новы тэатральны сезон у Сучасным мастацкім тэатры будзе зноў радаваць гледачоў інтэрактыўнымі пастаноўкамі, дзіджытал-спектаклямі і нестандартнымі мастацкімі рашэннямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі