Сцяг Серада, 12 лютага 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лістапада 2024, 13:15

"Страты і вяртанні". Выставу пра гісторыю Нацыянальнага мастацкага музея прадставяць у Мінску

Фота Нацыянальнага мастацкага музея
Фота Нацыянальнага мастацкага музея
5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставу "Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939-1957", прымеркаваную да 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага мастацкага музея, прадставяць сёння ў музеі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветнай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея, куратар выставы Надзея Усава расказала, што ў чатырох вялікіх залах пакажуць шматпланавую дзейнасць карціннай галерэі.

"У 1939 годзе ўрадам было даручана стварыць галерэю ў самы кароткі тэрмін, літаральна за 9 месяцаў. Экспанаты паступалі з рэгіянальных музеяў Беларусі, Віцебска, Магілёва, Гомеля. Пасля таго, як беларускія землі ўз'ядналіся, вядома, сталі паступаць экспанаты з магнацкіх сядзіб, палацаў у Нясвіжы і Міры. Вельмі шмат перадавалі расійскія музеі. У выніку з 1939 па 1941 год было сабрана 3300 твораў. Галерэя адкрылася 8 лістапада 1939 года ў вельмі ўрачыстай абстаноўцы і займала будынак, які цяпер захаваўся на Карла Маркса, 29. Цяпер на ім вісіць мемарыяльная дошка, на якой значыцца, што там у 1939-1941 гадах размяшчалася карцінная галерэя", - адзначыла Надзея Усава.

"На жаль, з пачаткам вайны эвакуіраваць галерэю не ўдалося. Было вельмі мала часу, літаральна 6 дзён, пры гэтым Мінск няспынна бамбілі. Проста не выдзелілі транспарт, таму не ўдалося вывезці экспанаты. Супрацоўнікі галерэі эвакуіраваліся, спадзеючыся, што яны вельмі хутка вернуцца. Трэба сказаць, што будынку пашанцавала, і ён ўцалеў, але творы, якія там знаходзіліся, былі першыя ж гады вайны вывезены фашыстамі ў Германію", - дадала Надзея Усава.

Яна падкрэсліла, што на выставе прадставяць інтэрактыўную залу, прысвечаную разрабаванню музея. "Вядома, спадзяванні на тое, што гэтыя экспанаты знойдуць, былі вельмі малыя, але пасля вызвалення Мінска, у другой палавіне 1944 года пачалося аднаўленне галерэі. Ужо, вядома, у іншым месцы, таму што такі вялікі будынак галерэі без фондаў не аддалі", - заўважыла куратар выставы.

Паводле яе слоў, галерэя знаходзілася на плошчы Свабоды ў 8 пакоях. Новыя творы першы раз купілі 9 снежня 1944 года, інакш кажучы, яшчэ была вайна, але ў вызвалены Мінск пачалі паступаць ужо экспанаты. На выставе пакажуць першую карціну, якую купіла пасляваенны дырэктар галерэі Алена Васільеўна Аладава.

Надзея Усава дадала, што некаторыя экспанаты ўсё ж вярнуліся назад. "Ужо ў 1947 годзе ў Мінск прыйшлі два вагоны з Германіі са знойдзенымі на складах, у шахтах і замках экспанатамі з мінскіх музеяў. Яны апрацоўваліся і потым на працягу паўстагоддзя з фонду Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перадаваліся спачатку ў карцінную галерэю, а потым у гістарычны музей", - растлумачыла Надзея Усава.

"Апошняя зала прысвечана вяртанню экспанатаў. Яны паступалі зусім па-рознаму. Напрыклад, два парныя партрэты паступілі ў розны час рознымі шляхамі. Нейкія мінчане прыносілі карціны, якія засталіся ў іх дома. Партрэты з Нясвіжа былі знойдзены і прывезены ў дрэнным стане і доўга рэстаўрыраваліся", - падкрэсліла Надзея Усава.

"Мы таксама доўга працавалі над прэзентацыяй "Засталося толькі на фатаграфіях". Гэта ўнікальная прэзентацыя, дзе мы расказалі пра творы, якія ўжо страчаны, але пакінулі след у газетах, каталогах, прэсе, асабістых архівах мастакоў. І цяпер на аснове гэтых фатаграфій мы можам шукаць гэтыя страчаныя творы", - растлумачыла куратар выставы.

Паводле яе слоў, усяго на выставе будзе прадстаўлена каля 200 твораў з усіх фондавых калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і дакументы з Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў.

Экспазіцыя прадоўжыць работу да 20 студзеня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі