12 лістапада, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. IX Рэспубліканскае біенале мастацкага тэкстылю "Дыялог пакаленняў" адкрылася ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыі, якая размясцілася ў выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, прадстаўлены работы вопытных мастакоў, студэнтаў ВНУ і навучэнцаў ССНУ мастацкай накіраванасці з Віцебска, Мінска, Брэста. Яны выкананы ў стылі батык, габелен, размалёўка па тканіне. Таксама тут можна ўбачыць тэкстыльныя аб'екты і інсталяцыі.

Мастацкі тэкстыль з'яўляецца самастойным напрамкам выяўленчага мастацтва. Сёння творцы смела эксперыментуюць з формай, зместам, пашыраюць сродкі тактыльнага выяўлення дзякуючы выкарыстанню матэрыялаў рознай структуры, а таксама прыёмаў і тэхнік выканання. Некаторыя з прадстаўленых экспанатаў з'яўляюцца прыкладам адраджэння спрадвечных рамёстваў, іх спалучэння з сучаснымі тэхналогіямі і матэрыяламі. Шматслойныя карціны з тэкстылю прымушаюць гледача спыняцца і разглядаць кожную дэталь.

"Біенале "Дыялог пакаленняў" мае ўжо багатую гісторыю, мы праводзім яго з 2009 года ў Віцебску і Мінску, прымаючы работы толькі членаў Беларускага саюза мастакоў. Мы грунтоўна адбіраем работы, каб прадставіць усё багацце напрамкаў. Мы стараемся захоўваць пераемнасць пакаленняў мастакоў. Самы старэйшы з удзельнікаў нарадзіўся ў 1944 годзе, а самы малодшы - у 2004-м. Для маладых талентаў такія выставы з'яўляюцца добрым стартам для далейшай кар'еры. Мастацкім тэкстылем сёння займаюцца толькі адданыя гэтай справе людзі, паколькі гэта няпросты занятак", - падзялілася куратар біянале Наталля Лісоўская, якая навучае дызайну і модзе студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

У час адкрыцця экспазіцыі ўшанавалі мінутай маўчання вядомых майстроў, якія ўнеслі ўклад у развіццё мастацкага тэкстылю і пакінулі пасля сябе цікавыя, напоўненыя глыбокім зместам карціны.




У час адкрыцця экспазіцыі ўшанавалі мінутай маўчання вядомых майстроў, якія ўнеслі ўклад у развіццё мастацкага тэкстылю і пакінулі пасля сябе цікавыя, напоўненыя глыбокім зместам карціны.
Выставу можна наведаць да 14 снежня.-0-
Фота Аляксандра Хітрова
