Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 сакавіка 2024, 11:22

Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Галіны Талкачовай

Галіна Талкачова. Скрыншот фільма "Эпілог"
Галіна Талкачова. Скрыншот фільма "Эпілог"
4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народнай артыстцы Беларусі Галіне Талкачовай 3 сакавіка споўнілася б 90 гадоў.

Нарадзілася Галіна Сямёнаўна Талкачова 3 сакавіка 1934 года. Яна змагла перажыць акупацыйныя гады ў Мінску. Пасля вайны пераехала да сваякоў у Іванава. Пазней у Растоў, дзе Галіна пазнаёмілася з тэатрам, які стаў для яе сапраўдным прызваннем.

У 1957 годзе Талкачова скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "акцёр драматычнага тэатра" (курс народнага артыста Беларусі Канстанціна Саннікава) і ў гэтым жа годзе стала актрысай Купалаўскага тэатра. Сярод самых запамінальных яе роляў - Наташа ў спектаклі "Яшчэ раз пра каханне" Э.Радзінскага. Актрыса прызнавалася, што ёй вельмі падабалася гэта гераіня. Таксама сыграла ў спектаклях "Святая святых" І.Друцэ, "Апошняя ахвяра", "Лес" А.Астроўскага, "На дне" М.Горкага, "Рэвізор" М.Гогаля, "Памінальная малітва" Р.Горына і многіх іншых. Акрамя таго, Талкачова іграла галоўную ролю ў спектаклі "Тры высокія жанчыны" паводле п'есы амерыканскага драматурга Э.Олбі.

Творчасці Талкачовай былі ўласцівы тонкая псіхалагічная манера ігры і яркая тэатральная форма. У кіно актрыса амаль не здымалася.

У 1990 годзе Галіне Сямёнаўне было прысвоена высокае званне народнай артысткі Беларусі.

Яна была жонкай народнага артыста Беларусі Аўгуста Мілаванава - яшчэ адной зоркі Купалаўскага. Ён стаў другім мужам актрысы. Першы муж - архітэктар, у гэтым шлюбе яна нарадзіла сына.

Галіна Талкачова памерла 22 кастрычніка 2020 года ва ўзросце 86 гадоў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі