Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лютага 2024, 11:38

Споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускай Кармэн Ларысы Александроўскай

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі БССР і СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай.

Ларыса Александроўская нарадзілася ў Мінску ў 1904 годзе ў сям'і чыгуначніка. Музычныя здольнасці ў яе праявіліся яшчэ ў школьныя гады. Выступаць яна пачала, не атрымаўшы практычна ніякай адукацыі. У час Першай сусветнай вайны яе сям'я ненадоўга пераехала ў Пецярбург, дзе прыгожы і моцны голас дзяўчынкі заўважыла выкладчыца кансерваторыі Алена Серна-Салаўевіч і стала з ёю займацца. Але бацькі зноў павезлі Ларысу ў Мінск, дзе яна адразу пачала прымаць удзел у самадзейных канцэртах.

У 1924 годзе Ларыса Александроўская паступіла ў музычны тэхнікум, які толькі што адкрыўся, дзе пад кіраўніцтвам выкладчыка В.А.Цвяткова яе талент дынамічна развіваўся. Яна скончыла тэхнікум у 1928 годзе, выканаўшы партыю Маргарыты ў оперы "Фаўст" Шарля Гуно, пастаўленай сіламі выпускнікоў на беларускай мове на сцэне Беларускага драматычнага тэатра. У 1930-1933 гадах Александроўская займалася ў Дзяржаўнай студыі оперы і балета.

Асноўнай сцэнай у яе жыцці стаў Беларускі тэатр оперы і балета ў Мінску. 25 мая 1933 года тэатр адкрыўся операй "Кармэн" з Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі. Пасля ашаламляльнага поспеху яе сталі называць "беларуская Кармэн".

Наступныя гады многія спектаклі ў тэатры ставіліся з улікам яе выдатных вакальных і акцёрскіх даных. Сярод самых яркіх вобразаў Ларысы Александроўскай - шолахаўская Аксіння ў оперы "Ціхі Дон" І.Дзяржынскага, пушкінскія Таццяна і Ліза ў "Яўгене Анегіне" і "Пікавай даме" П.Чайкоўскага, Яраслаўна ў "Князі Ігары" А.Барадзіна, Любаша ў "Царскай нявесце" М.Рымскага-Корсакава.

Яе голас называлі незабыўным, яе імя грымела па ўсім Савецкім Саюзе. Асоба артысткі заўсёды была ахутана пэўным арэолам загадкавасці, яе любілі, ёю захапляліся. Яе называлі "беларускім салаўём", "беларускай Няжданавай". Кампазітары прысвячалі ёй рамансы і песні. У 1935 годзе менавіта Ларыса Пампееўна выбрала ў самым сэрцы Мінска, на Траецкай гары, месца для ўзвядзення новага будынка тэатра оперы і балета.

Званне народнай артысткі Беларускай ССР Ларыса Александроўская атрымала ў 1938 годзе. А ўжо ў пачатку 1940-х гадоў - удастоена звання народнай артысткі СССР.

У час Вялікай Айчыннай вайны Александроўская, як і многія яе калегі, выступала на перадавой лініі фронту перад салдатамі. Ларыса Пампееўна ўзнагароджана медалём "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", медалём "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". Пасля вайны Ларыса Александроўская вярнулася на тэатральную сцэну.

У 1945 годзе Дзіцячай музычнай школе нумар 1 горада Мінска прысвоена імя Ларысы Александроўскай - у гонар 25-годдзя творчай дзейнасці выдатнай опернай спявачкі і рэжысёра. Ларыса Пампееўна любіла выступаць са школьнымі калектывамі.

У 1950-я гады Александроўская стала галоўным рэжысёрам Беларускага тэатра оперы і балета. За год ёй удавалася выпускаць па два прэм'ерныя спектаклі. А ўсяго яна паставіла каля 15 опер. Адна з іх, "Аіда" Дж.Вердзі, была ў рэпертуары тэатра да 2008 года.

Ларыса Александроўская была ініцыятарам стварэння і старшынёй Беларускага тэатральнага аб'яднання. Яна памерла ў 1980 годзе. Пра яе напісаны кнігі і зняты фільмы. Імем легендарнай спявачкі названа камерная зала Вялікага тэатра Беларусі.

У лютым 2019 года ў гонар 115-годдзя з дня нараджэння Ларысы Александроўскай опера Жоржа Бізэ "Кармэн" прагучала са сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі