Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 студзеня 2024, 10:49

Споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Уладзіміра Алоўнікава

Уладзімір Алоўнікаў
Уладзімір Алоўнікаў
16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння таленавітага кампазітара народнага артыста Беларусі Уладзіміра Уладзіміравіча Алоўнікава. Ён з'яўляецца аўтарам многіх музычных твораў і стваральнікам песень "Радзіма мая дарагая", "Лясная песня", "Песня пра Мінск", без якіх цяжка ўявіць нацыянальнае музычнае мастацтва. Уладзімір Алоўнікаў пакінуў багатую творчую спадчыну, а яе імя вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Нарадзіўся будучы кампазітар 16 студзеня 1919 года ў Бабруйску. Скончыў фартэпіяннае аддзяленне Мінскага музычнага тэхнікума ў 1937 годзе, потым прадоўжыў адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класу кампазіцыі ў прафесара Васіля Залатарова. Заняткі ў вядомага педагога і кампазітара садзейнічалі не толькі развіццю творчай здольнасці юнака, але і фарміраванню яго мастацкага светапогляду.

У час вучобы ў кансерваторыі Уладзімір Алоўнікаў напісаў першыя творы ў камерным жанры, сярод якіх былі рамансы на тэксты Валерыя Брусава, тры часткі струннага квартэта і фартэпіянныя п'есы. У 1940 годзе ў Мінску адбыўся адкрыты канцэрт з твораў камернай музыкі Алоўнікава, у тым жа годзе ён быў прыняты ў Саюз кампазітараў Беларусі.

Творчую дзейнасць маладога кампазітара перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Апошні дзень экзаменаў у кансерваторыі - 22 чэрвеня 1941 года - стаў пераломным у яго лёсе. Уладзімір Алоўнікаў дабравольцам пайшоў на фронт. Ён прайшоў цяжкімі франтавымі дарогамі ад першага да апошняга дня вялікай бітвы, прайшоў шлях ад радавога салдата да капітана, камандзіра артылерыйскага дывізіёна і быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені. Ваенныя гады былі страчаны для творчасці, але аказалі вялікі ўплыў на ўсю далейшую дзейнасць Уладзіміра Уладзіміравіча.

У 1947 годзе Алоўнікаў вярнуўся ў Мінск і пачаў працаваць у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі выкладчыкам, а з 1962 па 1982 год займаў пасаду рэктара гэтай установы.

Першым жанрам, да якога звярнуўся кампазітар у пасляваенны перыяд, аказаўся раманс, дзе аўтар раскрыў узнёсласць чалавечых пачуццяў - кахання і сяброўства. Лірычны бок таленту Алоўнікава з асаблівай паўнатой раскрыўся ў шэрагу рамансаў: "Дазволь цябе любіць", "Мой милый друг", "Что смолкнул веселия глас" і інш. Працаваў Уладзімір Алоўнікаў і ў галіне вакальнай музыкі. Ён стварыў некалькі хароў без суправаджэння.

У 1950-я гады адна за адной былі напісаны сімфанічныя паэмы "Партызанская быль", "Нарач", сюіты "Песні міру", "Урачыстая прэлюдыя" і іншыя. Яны вызначаюцца песенным сімфанізмам, выразнасцю і даступнасцю музычнай мовы, шырокім выкарыстаннем поліфанічнай тэхнікі, яркай вобразнасцю. Для хору з суправаджэннем былі створаны "Песня дружбы", "Палеская святочная", "Кастрычніцкі гімн".

Усенароднае прызнанне музыкі Уладзіміра Алоўнікава прыйшло разам з першымі песнямі аб героях Вялікай Айчыннай вайны: "Песня пра Веру Харужую", "Песня пра Заслонава", "Песня пра Брэсцкую крэпасць", "Званы Хатыні" і іншыя - больш за 40 твораў эпічнага і лірыка-драматычнага характару. Адным з яркіх і ўдалых узораў такіх песень стала "Лясная песня", якая была задумана як апавяданне-ўспамін пра баявыя паходы, пра верных сяброў-партызан. У 1982 годзе за песні на ваенна-патрыятычную тэматыку Уладзімір Алоўнікаў быў удастоены залатога медаля імя А.В. Аляксандрава.

Адзін з яркіх раздзелаў творчасці Уладзіміра Алоўнікава складаюць песні пра Радзіму: "Радзімы нашай слава", "Беларусь - Айчына", "Радзіме" і іншыя. Гэтыя творы ўваходзілі ў музычнае жыццё краіны, у сэрцы і душы людзей. З вялікім пачуццём кампазітар расказаў пра любоў да роднага краю, яго шчодрую прыроду ў песні "Радзіма мая дарагая". Гэта песня мела шырокую папулярнасць. Першая музычная фраза доўгі час выконвала ролю пазыўных Беларускага тэлебачання і радыё.

У сваёй творчасці Уладзімір Алоўнікаў удзяляў вялікую ўвагу стварэнню музыкі для кінафільмаў. Работа ў гэтай галіне абвастрыла ў аўтара пачуццё тэатральнасці, унесла ў творчасць рознахарактарныя вобразы. Ён напісаў музыку да фільмаў, у якіх ажываюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны: "Дзяўчынка шукае бацьку", "Вуліца малодшага сына", "Балада пра маці", "Міколка-паравоз".  

Творчая і грамадская дзейнасць Уладзіміра Уладзіміравіча Алоўнікава атрымала высокае прызнанне. За заслугі ў галіне развіцця мастацтва кампазітару было прысвоена высокае званне заслужанага артыста, а ў 1970 годзе - народнага артыста Беларусі.

У 1987 годзе рашэннем Мінскага гарадскога савета кампазітару Алоўнікаву было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна горада Мінска. Яму прысвечаны дакументальны фільм "І песня ўзлятае сама" (1982 г., рэжысёр У.Арлоў).

Памёр выдатны кампазітар у 1996 годзе. Цяпер справу свайго бацькі прадаўжае сын кампазітара - вядомы піяніст, арганіст і педагог народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў.

У 1997 годзе Прэзідэнт Беларусі выдаў указ аб увекавечанні памяці народнага артыста Беларусі кампазітара Уладзіміра Алоўнікава, згодна з якім у тым жа годзе імя Уладзіміра Алоўнікава было прысвоена Дзіцячай школе мастацтваў нумар 2 у родным горадзе Бабруйску, а ў 2001 годзе побач з ёю быў устаноўлены бюст кампазітара. У Мінску на доме па вуліцы Я. Купалы, дзе кампазітар жыў з 1957 па 1984 год, устаноўлена мемарыяльная дошка, а таксама яго імем названа Дзіцячая музычная школа мастацтваў №11.

Рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 29 мая 2018 года адной з вуліц Мінска прысвоена імя кампазітара народнага артыста Беларусі Уладзіміра Алоўнікава.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі