
11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасць у кіно" прысуджаны рэжысёру фільма "Здаровы чалавек" Пятру Тадароўскаму-малодшаму (Расія), перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі закрыцця XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".
Узнагароду ўручыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.
Прадстаўнік фільма, атрымліваючы на сцэне ўзнагароду, падзякавала Прэзідэнту краіны за ацэнку праведзенай работы. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр фільма Пётр Тадароўскі-малодшы прыслаў відэазварот, у якім падзякаваў за такую высокую ўзнагароду.
Фільм "Здаровы чалавек" удзельнічаў у асноўным конкурсе ігравога кіно "Лістапада". Прэм'ера фільма ў час кінафестывалю адбылася 5 лістапада. Галоўныя ролі ў карціне выканалі Мікіта Яфрэмаў, Ірына Старшанбаум, Яўген Ткачук.
У сваім новым фільме Пётр Тадароўскі-малодшы даследуе феномен валанцёрства. Спрабуе намацаць нябачную мяжу паміж альтруізмам і эгацэнтрызмам, шукае адказы на вынікаючыя з гэтага этычныя і сацыяльныя пытанні.-0-