Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 лістапада 2019, 10:35

Спецпрыз Прэзідэнта Беларусі на "Лістападзе-2019" уручаны Кшыштафу Занусі

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыз Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" ўручаны польскаму кінарэжысёру, сцэнарысту і прадзюсару Кшыштафу Занусі, узнагароду ўручыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Цырымонія ўзнагароджвання адбылася ў кінатэатры "Масква", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кшыштаф Занусі ў бягучым годзе - ганаровы госць фестывалю. Гэтымі днямі ў кінатэатры "Піянер" у Мінску адбыўся спецыяльны паказ яго прэм'ернай карціны "Эфір".

"Я не першы раз на "Лістападзе" і бачу, што фестываль не толькі прадаўжаецца, але і развіваецца. Ва ўсіх цудоўны настрой, усе ўсміхаюцца, значыць, фестываль добры", - сказаў Кшыштаф Занусі.

Паводле яго слоў, у беларускага кіно ёсць сваё аблічча. "Калі журы ўзнагародзіла беларускія фільмы практычна ва ўсіх конкурсах, значыць, яны нам спадабаліся", - адзначыў польскі кінарэжысёр.

XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" праходзіў з 1 па 8 лістапада пад слоганам "Да радасці". У бягучым годзе ён паказаў больш за 150 фільмаў з 50 краін. Упершыню на фестывалі былі прадстаўлены карціны з Судана і Сенегала. Заснавальнікамі форуму выступаюць Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Арганізатар - цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі