Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 кастрычніка 2021, 11:02

Спектакль "Сотнікаў" Брэсцкага тэатра лялек пакажуць на фестывалі ў Маскве

7 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі тэатр лялек атрымаў запрашэнне на IV Міжнародны Вялікі дзіцячы фестываль у Маскве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Тамара Паўлюковіч.

Трупа БТЛ прадставіць 27 кастрычніка на сцэне Маскоўскага Губернскага тэатра спектакль па аднайменнай аповесці Васіля Быкава "Сотнікаў". Шматгранную, удумлівую і неардынарную пастаноўку адной з самых пранікнёных гісторый аб вайне ажыццявіў даўні сябар тэатра - вядомы расійскі рэжысёр, лаўрэат нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" Руслан Кудашоў. Спектакль адзначаны дыпломам за лепшую рэжысуру на XXIV Міжнародным тэатральным фестывалі "Белая вежа" і намініраваны на Нацыянальную тэатральную прэмію.

"І сам спектакль - глыбока прадуманы, вобразны, і тэма патрыятызму, маральнага выбару чалавека ў складаных жыццёвых умовах займаюць асаблівае месца ў рэпертуары нашага тэатра. Літаральна за некалькі дзён да паездкі ў Маскву мы прадставім пастаноўку камісіі па Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Паказ адбудзецца 25 кастрычніка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Для нас гэта вельмі ганарова і адказна", - адзначыла Тамара Паўлюковіч.

Паводле яе слоў, кастрычнік выдаўся як ніколі насычаным для тэатра. Месяц пачаўся з прэм'еры тэатральнага сезона - спектакля "Асенні марафон" па матывах вядомага кінасцэнарыя Аляксандра Валодзіна ў пастаноўцы творчага тандэма з Санкт-Пецярбурга Руслана Кудашова і Марыны Заўялавай. 3 кастрычніка брэсцкія лялечнікі выступілі ў Калінінградзе з пастаноўкай "Як я стаў падарожнікам. Ф.Конюхаў". Паказ адбыўся ў Музеі Сусветнага акіяна, антураж якога як мага лепш адпавядаў тэме спектакля.

А ўжо 4 кастрычніка артысты БТЛ на ІХ Міжнародным фестывалі тэатраў лялек "Белгародская забава" прэзентавалі адну з самых тытулаваных сваіх работ - спектакль "Халстамер" у інсцэніроўцы Руслана Кудашова. Пастаноўка вось ужо больш за паўтара дзясятка гадоў не сыходзіць са сцэны тэатра, адзначана ўзнагародамі шматлікіх фестываляў. Вось і ў Белгарадзе яна атрымала два дыпломы - за лепшую рэжысёрскую работу і лепшы спектакль для падлеткаў.

Між тым у БТЛ пачалася работа над навагодняй прэм'ерай. Гэта будзе любімая многімі пакаленнямі пушкінская "Казка пра цара Салтана". Над пастаноўкай працуюць лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі рэжысёр Ігар Казакоў і мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Вольга Дваравая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі