Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 красавіка 2022, 11:21

Спектакль-антыўтопію паставілі ў Брэсцкім тэатры драмы

14 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбыўся перадпрэм'ерны прагляд спектакля-антыўтопіі "Заходзіць андроід у бар" паводле аднайменнай п'есы Данілы Чакрыгіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спектакль у рэдкім для тэатральных падмосткаў жанры фантастыкі паставіў рэжысёр Дзяніс Фёдараў. Ён жа выступіў у якасці мастака па касцюмах і музычнага афарміцеля. Мастак-пастаноўшчык Мікалай Паўтарака і рэжысёр Дзяніс Фёдараў на малой сцэне стварылі іншапланетны свет, дзе ежу, прадметы і андроідаў друкуюць на 3D-прынтары, ажыўшая галаграма ўплывае на ход падзей, а робаты на першы погляд нічым не адрозніваюцца ад людзей.

Гераіня спектакля Элен (артыска Ала Омесь) жыве ў гэтым неверагодным свеце будучыні. Яна - каланістка на Марсе. Яе адзіноту на Чырвонай планеце аблягчае толькі андроід Роры (артыст Сяргей Кандрацюк). Гэта гісторыя не толькі пра каханне робата і чалавека. Акцёры і пастаноўшчыкі спектакля даследуюць экзістэнцыяльныя пытанні: гуманізму, ідэнтычнасці, прыроды пачуццяў, свабоды. Усё гэта паказваецца праз прызму маральнага выбару і міжасобаснага канфлікту.

"П'еса складаная і цікавая адначасова, у Беларусі яна яшчэ не ставілася, і наогул пастановак такой тэматыкі я асабліва не сустракаў. На мой погляд, цяпер гэта тэма актуальна. Тэхналогіі развіваюцца: генная інжынерыя, кланіраванне, штучны інтэлект, нейронныя сеткі. Гэтыя пытанні, этычныя ў тым ліку, у любым выпадку рана ці позна будуць стаяць перад намі. Думаю, у тэатры цікава іх падняць", - сказаў Дзяніс Фёдараў.

Першы паказ п'есы "Заходзіць андроід у бар" адбыўся ў мінулым годзе на фестывалі маладой драматургіі "Любімаўка". Даніла Чакрыгін напісаў свой тэкст жывой сучаснай мовай, інтэграваўшы ў яе тэхнічныя тэрміны, неалагізмы і англіцызмы. Для аўтара няважна, у які час адбываецца дзеянне і якое нацыянальнае паходжанне персанажаў.

"Тэматыка, сюжэт п'есы пераклікаецца з нашым жыццём, з сучаснасцю. Спадзяюся, спектакль будзе мець вялікі поспех. Ён незвычайны. Мне заўсёды падабаюцца спектаклі на малой сцэне: яны эксперыментальныя, дазваляюць рэжысёру і акцёрам пашырыць межы тэатральнай прасторы. Вядома, усё будзе залежаць ад гледача, таму што кожны спектакль паспяховы настолькі, наколькі глядач гатовы яго прыняць. Над пастаноўкай хочацца думаць і паглядзець не адзін раз", - падзялілася ўражаннем пасля прагляду кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Лізавета Грэнкевіч.

Прэм'ера антыўтопіі "Заходзіць андроід у бар" у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбудзецца 15 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі