Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 чэрвеня 2019, 20:40

Спаборніцтвы валыншчыкаў, выступленні фальклорных калектываў і квэсты пройдуць на "Кушлянскім фэсце"

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Кушлянскі фэст" адбудзецца ў музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча "Кушляны" 29 чэрвеня з 12 да 17 гадзін, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-асветнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Эліна Свірыдовіч.

"Кушлянскі фэст" другі раз пройдзе ў фармаце фестывалю і будзе прысвечаны жыццю і творчасці паэта. "Францішка Багушэвіча мы называем бацькам сучаснай беларускай мовы, бо ён змагаўся за тое, каб наша родная мова стала літаратурнай. І, безумоўна, свята прысвечана гэтаму, - расказала загадчыца аддзела. - Мы рыхтуем шматпланавае мерапрыемства, у час якога пройдуць майстар-класы ад рамеснікаў і па народных танцах, экскурсіі па музеі разам з краязнаўцам, захавальнікам сядзібы Алесем Жамойціным, а таксама выступленні музыкантаў".

Акрамя таго, у час фестывалю пройдуць квэст "Як праўду шукаюць", забаўляльныя заняткі для дзяцей і дарослых "Фэсцік: Гулянне ў народным стылі", майстар-класы па стварэнні выцінанкі і лялек, паказальныя спаборніцтвы валыншчыкаў Беларусі "Дударскі батл", выступленні фальклорных калектываў Смаргонскага раёна і музычных груп з Мінска, будуць працаваць рамесніцкія рады і палявая кухня. А дзякуючы партнёру мерапрыемства - Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" - будзе арганізавана трансляцыя фільма "Тутэйшыя".

Лозунг фестывалю - "Усім будзе чутна: ад краю да краю!". "Мы хочам, каб фестываль стаў штогадовым, каб пра яго даведаліся ў розных кутках краіны, каб да нас ў гэту пару года прыязджалі людзі і з іншых краін, - сказала Эліна Свірыдовіч. - Варта адзначыць, што ў наступным годзе музей-сядзіба Францішка Багушэвіча "Кушляны" адзначыць 30-годдзе. Але цяпер мы такім чынам ужо рыхтуем вялікі юбілейны фестываль, які, мы спадзяёмся, стане рэспубліканскім".

Дарэчы, для жадаючых будзе арганізаваны аўтобус з Мінска з экскурсійным суправаджэннем краязнаўца Валянціны Кароткінай.

Фестываль арганізаваны Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры пры падтрымцы Смаргонскага райвыканкама і Смаргонскай пагранічнай групы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі