Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 чэрвеня 2021, 17:00

Сорак першы завешчана памятаць: экспазіцыя падзей пачатку вайны адкрылася ў Мінску

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Сорак першы: Вобразы вайны і міру" адкрылася сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выстава прысвечана памяці ўсіх, хто ўступіў у першы, а для многіх і апошні бой. Памяці тых людзей, якія як маглі стрымлівалі ашаламляльны націск ворага, якія загінулі, трапілі ў палон або да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак. Яны пазналі ўсю горыч паражэння, адступлення, але ўсё ж такі ўжо тады, летам 1941 года, праклалі шлях да Рэйхстага", - сказала загадчыца аддзела ваенна-франтавой гісторыі Святлана Прыбыш.

На аснове фондавых матэрыялаў музея часовая экспазіцыя адлюстроўвае падзеі пачатку вайны ў асобных тэмах і вобразах. Гэта вобразы як яшчэ мірнага, даваеннага жыцця або жыцця ў савецкім тыле, так і звязаныя з баявымі дзеяннямі.

Адкрывае экспазіцыю раздзел, назвай якога стаў вершаваны радок Канстанціна Сіманава "Той самы доўгі дзень у годзе". Успаміны аб першых гадзінах і днях вайны, якія захоўваюцца ў фондах музея, сталі даступны наведвальнікам выставы. "Яны могуць прачытаць словы былога каменданта Мінска Фёдара Багрэева або Аляксандра Бабкова, які пяцігадовым хлопчыкам сустрэў вайну ў Брэсцкай крэпасці і за лічаныя гадзіны страціў усю сям'ю", - расказала Святлана Прыбыш.

Наступны раздзел "Апалчэнцы 41-га" расказвае пра ўдзельнікаў народнага апалчэння, у рады якога летам 1941 года ва ўсходніх раёнах Беларусі ўступілі 33 тыс. чалавек, а яшчэ 13 тыс. - у знішчальныя батальёны. "У экспазіцыі прадстаўлены кашуля, палявая сумка і бінокль аднаго са стваральнікаў Гомельскага палка народнага апалчэння, а пасля камісара партызанскага атрада "Бальшавік" Емяльяна Барыкіна", - дадала загадчык аддзела.

Раздзел "Горыч першых баёў" адлюстраваў трагедыю пачатковага этапу вайны: адступленне з цяжкімі баямі, загінулыя, прапаўшыя без вестак, палонныя. 22 чэрвеня 1941 года тысячы нямецкіх гармат адкрылі агонь па савецкіх заставах, абарончых умацаваннях, раёнах размяшчэння часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі. Ваенныя дзеянні пачаліся ў вельмі нявыгадных для савецкіх войскаў умовах. І тым не менш баі з самага пачатку мелі зацяжны і жорсткі характар. На выставе можна ўбачыць матэрыял музея гісторыі ВАВ, які раскрывае моманты падрыхтоўкі ворага да нападзення і непасрэдна эпізоды першых баёў. Свае фотадакументальныя матэрыялы для экспазіцыі перадаў і мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой". Сярод іх фотапартрэты ўдзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці, сюжэтныя здымкі і дакументы 45-й нямецкай пяхотнай дывізіі, якая штурмавала крэпасць.

"Прадметы адзення, ваеннай амуніцыі, зброі і фотадакументаў даюць магчымасць стварыць уяўленне аб ворагу і зазірнуць у яго твар, як зазірнулі байцы і камандзіры Чырвонай Арміі ў далёкім 1941 годзе. На гэтых фатаграфіях спецыяльна буйным планам прадстаўлены твары нямецкіх салдат. Мы глядзім на іх і бачым самаўпэўнены выраз твару, але недзе разам з тым ёсць разгубленасць і страх. Бо ўжо ў ходзе першых баёў, нягледзячы на паражэнні і адступленні, урон быў нанесены і ворагу", - падкрэсліла Святлана Прыбыш.

Даваенныя сямейныя фатаграфіі склалі аснову раздзела "Жывыя і мёртвыя". "Гэта маладыя сямейныя пары, якія нядаўна стварылі сем'і, бацькі з дзецьмі, браты і сёстры. Але ўсе людзі на гэтых здымках падзелены на жывых і мёртвых: нехта перажыў вайну, а некаму не ўдалося. На фатаграфіях яны яшчэ нічога не ведаюць, але вайна ўжо ўсё за іх вырашыла, для ўсіх вызначыла лёс", - прадоўжыла загадчыца.

Наведвальнікі могуць тут убачыць пераможную гімнасцёрку Любы Курцэр, якая добраахвотнікам пайшла на вайну і была санінструктарам. "Калі вайна закончылася, Люба вельмі хвалявалася, што ў яе няма ніякага прыстойнага адзення. І вось тады ў часці гаспадарчыя службы вырашылі пашыць усім жанчынам новыя гімнасцёркі. Калі ўважліва прыгледзецца да яе, то можна ўбачыць, што пашыта яна з нейкіх кускоў і астаткаў, бо нічога тады не хапала", - звярнула ўвагу Святлана Прыбыш.

"Побач прадстаўлена форма савецкага салдата. Тут жа ў вітрыне фатаграфія Георгія Лазычэнкі. Яму 100 гадоў, і ён жыве ў Мінску. У бягучым годзе ён перадаў у музей свае матэрыялы, у тым ліку камандзіровачнае пасведчанне, якое прадстаўлена ў экспазіцыі", - сказала загадчыца.

Вялікая калекцыя кішэнных, наручных, насценных гадзіннікаў размясцілася ў раздзеле пад назвай "Час мужнасці прабіў на нашых гадзінніках". "Яны адлічвалі сваім уладальнікам час як мірны, шчаслівы, так і ваенны. Усе экспанаты прайшлі вайну разам са сваімі ўладальнікамі. Прадстаўлены ў экспазіцыі таксама гадзіннікі, якія належалі грамадзянскім людзям. Напрыклад, вялікія насценныя гадзіннікі віселі ў доме ў падпольшчыцы", - падкрэсліла Святлана Прыбыш.

Раздзел "Жыццё ў эвакуацыі вачамі дзяцей" успамінамі і дзённікавымі запісамі расказвае пра жыццё эвакуіраванага на ўсход насельніцтва. "Вядома, яны не ведалі такіх нягод, як дзеці, якія знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі, але таксама зведалі гора. Напрыклад, Усевалад Лагойскі перадаў у музей свой дзённік, галоўны герой якога голад", - адзначыла загадчыца.

Сярод экспанатаў гэтага раздзела можна ўбачыць і дзіцячыя цацкі. "Мы прадстаўляем цацачны пісталет-кулямёт, які падарыў Анатолю Ганчарову бацька. Яго параніла, і пасля лячэння ён служыў у Баку, дзе і набыў цацку. Гэты пісталет перадаваўся ў сям'і з пакалення ў пакаленне", - дадала Святлана Прыбыш.

Гісторыі кахання, пранесенага праз усю вайну і жыццё, гісторыі сем'яў, створаных у гады вайны, гісторыі раставанняў і сустрэч знайшлі сваё месца ў раздзеле "Чакай мяне". "Назвай стаў радок Канстанціна Сіманава з аднайменнага верша, які ён прысвяціў сваёй жонцы актрысе Валянціне Сяровай. Гэтыя цудоўныя радкі былі важны ўсім і кожнаму, хто ваяваў або чакаў каханых з вайны. У экспазіцыі ёсць паштоўка з вершам і нотамі да яго", - расказала загадчыца.

Завяршае выставу раздзел "Сорак першы: завешчана памятаць", які прысвечаны памяці аб далёкіх і трагічных падзеях 1941 года. "Тут можна ўбачыць справаздачы супрацоўнікаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аб камандзіроўках, куды яны ездзілі збіраць розныя матэрыялы аб вайне. Напрыклад, з Брэсцкай крэпасці яны прывезлі фрагмент сцяны з патрыятычным надпісам. Тут жа размешчаны розныя матэрыялы, знойдзеныя пошукавымі групамі. А калі ішлі апошнія падрыхтоўкі да адкрыцця выставы, у музей паступіў новы экспанат - разбіты кацялок з надпісам "...41. 22 чэрвеня", - склала Святлана Прыбыш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі