Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 жніўня 2022, 16:06

Прысмакі на грылі, фэст-валюта і песні "Рукі ўверх": "МясаМалФэст" пройдзе ў Гомелі 10 верасня

2 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Фестываль смаку і настрою "МясаМалФэст" пройдзе ў Гомелі 10 верасня. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік аддзела ЗЭД, збыту і маркетынгу кіруючай кампаніі холдынга "Гомельская мяса-малочная кампанія" Жанна Заморская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Любімы гамяльчанамі "МясаМалФэст" стане падарункам ад мяса-малочнай галіны рэгіёна да Дня горада. Фестываль праводзіцца ўжо чацвёрты раз. Пляцоўка фэсту застанецца нязменнай - каля Лядовага палаца, таксама пашырыцца фестывальная зона па вул.Барадзіна.

"З кожным годам гэты фестываль усё больш становіцца сямейным, таму і ў праграму мы дабаўляем фішачкі, якія будуць даспадобы і дарослым, і дзецям. Кожны гараджанін і госць Гомеля знойдзе для сябе нешта цікавае. У мінулым годзе мы дабавілі новую актыўнасць для самых маленькіх: дзеці з вялікім захапленнем размалёўвалі вялізныя кардонныя замкі. У гэтым годзе заводы таксама падумаюць пра навацыі", - расказала Жанна Заморская.

Перапрацоўчыя прадпрыемствы кожны год імкнуцца крэатыўна прарэкламаваць сваю прадукцыю на "МясаМалФэсце". І гэты фестываль не стане выключэннем. Праграмы рыхтуюць Гомельскі, Жлобінскі, Калінкавіцкі камбінаты і ўсе малочныя заводы дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці - "Мілкавіта", "Рагачоўскі МКК", "Мазырскія малочныя прадукты", "Тураўскі малочны завод" і "БелСыр".

"У мінулым годзе вельмі добра прайшоў шашлычны батл, які праводзілі каманды заводаў. Яны спаборнічалі паміж сабой у прыгатаванні, афармленні і прэзентацыі прадукцыі. Шэф-повары гатавалі шашлыкі, стэйкі, рабрынкі на костачцы. І цяпер вырашылі прадоўжыць напрамак. На гэты раз будуць спаборніцтвы па прыгатаванні смакаты на грылі. Каманды будуць гатаваць мяса, сыр і традыцыйную страву нашай беларускай кухні - дранікі", - падзялілася прадстаўнік кампаніі.

Таксама на асноўнай сцэне прадпрыемствы прадставяць свае арыгінальныя візіткі, будзе шмат розыгрышаў, конкурсаў.

Прадоўжыцца і традыцыя ўласных фестывальных грошай. Дарэчы, курс валюты мясмалфэсткоіна застаецца стабільным. Зарабіўшы іх на конкурсах, можна будзе абмяняць у адпаведнасці з прайсам на смачную і карысную прадукцыю.

Увечары арганізатары запрашаюць усіх гасцей і ўдзельнікаў ад душы паспяваць песні. "Сёлета будзе два хэдлайнеры: Аlex Ataman і Finik, а таксама ў праграме "Падымем рукі разам" успомнім любімыя песні групы "Рукі ўверх" з суаўтарам хітоў, экс-удзельнікам групы Аляксеем Пацехіным", - прыадкрыла канцэртную афішу спікер.

На фестываль запрашаюць усіх жадаючых. Арганізатары запэўніваюць: будзе весела і вельмі цікава. "Усіх сюрпрызаў і фішак пакуль не раскрываем", - рэзюмавала Жанна Заморская.

Пачатак праграмы ў 11.00. Актыўнасці і работа гандлёвых радоў прадугледжаны да 23.00. Уваход бясплатны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі