Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 мая 2022, 09:46

"Славянскі базар" шукае валанцёраў: дырэкцыя фестывалю адкрыла набор

12 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. На Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будуць працаваць больш за 100 валанцёраў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар форуму Глеб Лапіцкі.

"Для нас вельмі важна, каб валанцёр прыйшоў не дзеля прыгожых майкі і кепкі, якія застануцца ў яго гардэробе, а каб хацеў рэальна дапамагчы, уліцца ў каманду і разам з ёй у рэжыме 24/7 адпрацаваць фестываль. Самае галоўнае - зацікаўленасць і жаданне дапамагаць, - падкрэсліў Глеб Лапіцкі. - Валанцёры атрымліваюць вопыт трох дзесяцігоддзяў, які захавала кожная служба. І няважна, у якой з іх працуе чалавек, ён бачыць механізм арганізацыі такога масавага культурнага мерапрыемства знутры. Гэтаму нідзе не навучаць, ні ў адным універсітэце".

Анкеты паўналетніх добраахвотнікаў дырэкцыя фестывалю будзе прымаць да 13 чэрвеня. Абмежавання верхняй узроставай планкі няма - у мінулыя гады ў такой якасці былі і людзі старэйшыя за 70 гадоў. Кандыдатам трэба расказаць пра сябе, пра навыкі і таленты, ужо атрыманы валанцёрскі вопыт. Веданне замежнай мовы для іх стане перавагай. Для дапамогі ў арганізацыі сёлетняга форуму мастацтваў у валанцёрскі атрад набяруць да 120 чалавек. Яны будуць працаваць у рэкламнай, аператыўнай, адміністрацыйна-гаспадарчай, а таксама ў службах харчавання, сустрэчы і адпраўкі. Некаторыя стануць каардынатарамі калектываў, асобных удзельнікаў і іх суправаджальнікаў, міжнароднай дзейнасці, фэсту вулічнага мастацтва "На сямі вятрах".

"Валанцёрства становіцца модным. Людзі, якія пабывалі ўжо добраахвотнікамі, прыходзяць зноў. І, вядома ж, калі мы бачым, што чалавек ужо другі, трэці раз працуе, то аддаём яму прывілей. У мінулым годзе давялося за два-тры тыдні да афіцыйнага заканчэння тэрміну закрыць прыём заявак, таму што іх было больш за 900", - адзначыў дырэктар форуму, дадаўшы, што пры адборы арганізатары будуць звяртаць увагу на студэнтаў і выпускнікоў творчых спецыяльнасцей. Разлік на тое, каб маладыя людзі, якія плануюць звязаць свой лёс з культурна-масавай работай, івент-індустрыяй, паглыбіліся ў фестывальнае жыццё і ўсвядомілі, наколькі выбраная прафесія ім падыходзіць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі