Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 ліпеня 2019, 09:21

"Славянскі базар" сёння ўрачыста адкрываецца ў Віцебску

11 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адбудзецца сёння ў Летнім амфітэатры, паведамляе БЕЛТА.

Старту форуму спадарожнічае цэлы цырыманіял - парад удзельніц міжнароднага фестывалю-конкурсу барабаншчыц і мажарэтак, якія пройдуць ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі, дзе апоўдні стартуе і само спаборніцтва. Умельцы іншага плана - майстры народных мастацкіх рамёстваў па выцінанцы з розных краін - будуць выразаць свае "Ажурныя мары" на вул. Пушкіна.

Днём загарыцца новая зорка на Плошчы лаўрэатаў каля Летняга амфітэатра - тут атрымае імянную прапіску ўладальнік спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" Таісія Павалій.

Нарэшце, будзе раскрыта інтрыга XVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2018.": гала-канцэрт і ўзнагароджванне пераможцаў пройдуць у канцэртнай зале "Віцебск" у 17.00. А ўвечары ўладальнік Гран-пры сярод іншых выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра на ўрачыстым канцэрце адкрыцця форуму ў 20.30. У праграме - самыя любімыя артысты, даўнія сябры форуму і пачаткоўцы: Валерый Лявонцьеў, Тамара Гвердцытэлі, Стас Міхайлаў, Варвара, Таццяна Буланава, Аляксандр Панаётаў; Анатоль Ярмоленка і ансамбль "Сябры", Ядвіга Паплаўская, Руслан Аляхно, ансамбль "Песняры", Прэзідэнцкі аркестр Беларусі, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі; Алесандра Сафіна, Таісія Павалій і многія іншыя.

Аншлагі чакаюцца і на іншых пляцоўках форуму. У абласной філармоніі свой "Фестываль без межаў" - госця з Латвіі Ілона Багеле прадставіць праграму "Cantando y amando" ("Спяваю і люблю"). На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра прадставяць усім вядомую класіку - камедыю "Рэвізор". А галерэя Коласаўскага тэатра ў гэты дзень ператворыцца ў выставачную залу для работ з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея "Пётр Шумаў. Вяртанне дадому".

Цыкл выставачных мерапрыемстваў прадоўжаць і іншыя: у краязнаўчым музеі прэзентуюць выставу "Беларускія музычныя інструменты", а ў музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання - рэканструкцыі старадаўніх гравюр "Біблія для народа".

Беларускі тэатр "Лялька" пакажа хэпенінг для дзяцей і дарослых "Прыручыць дракона" і інтэрпрэтацыю старажытнагрэчаскіх міфаў "Сёстры Граі". І свята ў поўным аб'ёме прыйдзе на фестывальныя вуліцы: першыя мерапрыемствы IV Фэсту вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" - выступленні танцораў, музыкантаў, кавер-бэндаў, мастакоў, перформераў, тэатральных акцёраў, вогненны спектакль і шмат іншага - пройдуць на тэрыторыях каля Пушкінскага моста і на суседняй плошчы, на вул. Талстога, каля Цэнтра сучаснага мастацтва, у парку Фрунзэ. Менавіта да яго са сквера Маякоўскага бліжэй да апоўначы пройдзе карнавал удзельнікаў фэсту "Уверцюра Прома Ветру" пад іскрамётныя рытмы самба.

У гэтым годзе значна больш, чым звычайна, будзе задзейнічана плошча Перамогі. У дзень адкрыцця "Славянскага базару" тут будзе асабліва шумна і святочна. Эстафету барабаншчыц і мажарэтак падхопяць да вечара шоу-група "Маракасы", затым вакальна-танцавальнае шоу "На грані" прадставіць шоу-балет "Феерыя", выступяць і іншыя артысты.

XXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць з 11 па 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны 16-17 ліпеня. Асноўнымі падзеямі фестывалю стануць XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" і XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2019".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі