Сцяг Нядзеля, 27 красавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 кастрычніка 2024, 18:58

"Славянская міфалогія цікавая не менш за старажытнагрэчаскую". Рэжысёр "Песні Сірын" аб стварэнні фільма

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэс-паказ першага беларускага анімацыйнага 3D-фільма адбыўся ў кінатэатры "Перамога", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Яшчэ ў 2019 годзе на студыі "Беларусьфільм" быў праведзены конкурс сцэнарыяў поўнаметражнага фільма для маладых аўтараў. Сцэнарый пэўны час спакойна ляжаў у партфелі кінастудыі, і размова пра яго зайшла, калі мы запусцілі поўны метр. Мне здаецца, што гэта (выкарыстанне славянскай міфалогі. - Заўвага БЕЛТА) вельмі добрая адметная асаблівасць, якая дапаможа стварыць новы брэнд нашай кінастудыі", - расказала галоўны рэжысёр Алена Турава аб ідэі кінастужкі.

"Ва ўсім свеце растыражаваны вельмі папулярныя пантэоны багоў і міфалагічных істот: старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх, паўночна-скандынаўскіх, егіпецкіх. Напрыклад, калі спытаць у маладых людзей, хто такі Тор, Локі, Гермес, Гефест, Зевс, то яны напэўна назавуць іх беспамылкова, але многія не ведаюць, што не менш цікавы пантэон існуе ў славянскай культуры. Можна сказаць, што гэта вялікі правал у культурным інфармацыйным пласце. Наша мэта - не проста расказаць пра чароўныя прыгоды, але і зацікавіць арыгінальным, унікальным гістарычным матэрыялам, таму што міфалагічныя вераванні нашых продкаў не менш цікавыя, разнастайныя і насычаныя", - дадала Алена Турава.

Яна падкрэсліла, што на ўзроўні школьнай праграмы славянская міфалогія вывучаецца даволі павярхоўна. "На жаль, у нашай славянскай культуры захавалася вельмі мала пісьмовых матэрыялаў. Калі старажытнагрэчаскія крыніцы даволі багатыя, то ў нас іх амаль няма. Таму нашы аўтары ў асноўным абапіраліся на захаваныя нюансы ўзораў, вышыўку, татэмныя слупы на капішчах, элементы арнаменту на магільных камянях і ахвярніках. Гэта вельмі цікава. Нашы продкі жылі ў цесным кантакце з прыродай, ад яе шмат у чым залежала іх уяўленне пра светабудову", - адзначыла рэжысёр.

Паводле яе слоў, у анімацыйнай стужцы можна знайсці шмат знакаў і адсылак да міфалогіі. "Павагу ў нашых продкаў выклікалі прыродныя з'явы і татэмныя жывёлы: мядзведзь, арол, карова. Яны (продкі. - Заўвага БЕЛТА) спрабавалі надаць іх рысы сваім заступнікам. Пярун асацыяваўся з арлом, Вялес - з мядзведзем або ваўком, Мокаш - з каровай. Гэта карміцелька, свяшчэнная жывёла ў многіх народаў, а яе рогі асацыююцца з месяцам, таму ён з'яўляецца прыродным сімвалам Мокашы", - растлумачыла Алена Турава.Яна дадала, што галоўнаму мастаку-пастаноўшчыку Таццяне Удавічэнка давялося вывучыць вельмі вялікую колькасць матэрыялаў, каб выкарыстоўваць татэмныя знакі, арнамент і вышыўку ў касцюмах і вобразах персанажаў.

"Акцёры падбіраліся шмат у чым інтуітыўна і нават па асацыяцыі са знешнім выглядам. Адзін з вядучых персанажаў - гэта бог ніжняга свету Вялес, высакародны апякун магіі і мастацтваў, абаронца жывёл. Калі мы яго малявалі, то ў галаве ўзнік вобраз нашага папулярнага артыста, заслужанага артыста Беларусі Руслана Чарнецкага. Калі мы запрасілі яго для агучвання гэтай ролі, то ён не проста здзівіўся, а вельмі абрадаваўся. Ён сказаў, што ён заўсёды адчуваў нейкую сувязь з Вялесам і носіць пры сабе кулон, які падобны на ахоўны знак Вялеса. Багіня Мокаш гаворыць голасам заслужанай артысткі Беларусі Веры Паляковай-Макей. З аднаго боку, атрымаўся вельмі жаноцкі, а з другога - вельмі тэмпераментны і музычны вобраз", - рэзюмавала Алена Турава.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі