Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 красавіка 2021, 16:13

Скафандры і ўзоры прадуктаў харчавання касманаўтаў прадставяць на выстаўцы ў Мінску 15 красавіка

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "108 мінут. Дарога ў космас", прысвечаны 60-годдзю першага палёту чалавека ў космас, адкрыецца 15 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

На выстаўцы "108 мінут. Дарога ў космас" прадставяць унікальныя артэфакты. "Многія з іх ніколі раней не экспанаваліся ў Беларусі. Са збораў расійскіх музеяў будуць прадэманстраваны скафандр і фатаграфіі з сямейнага архіва першага касманаўта Юрыя Гагарына, бартавы журнал першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай", - падкрэслілі арганізатары.

Важнае месца на выстаўцы зоймуць экспанаты, якія расказваюць пра беларускіх касманаўтаў Пятра Клімука, Уладзіміра Каваленку, Алега Навіцкага. Сярод іх: скафандр "Сокал", элементы касмічнага рыштунку, абсталявання, узоры прадуктаў харчавання. Таксама на выстаўцы будуць паказаны матэрыялы аб сучаснай касманаўтыцы Беларусі і Расіі.

Мастацкая частка выстаўкі будзе прадстаўлена графікай касманаўта Аляксея Лявонава, скульптурамі аўтарства народнага мастака Беларусі Івана Міско, палотнамі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Апіёка, работамі вядомага фатографа лаўрэата міжнароднай прэміі World Press Photo Юрыя Іванова.

"Выставачны праект азнаёміць беларусаў і гасцей краіны з цікавымі старонкамі заваявання космасу. Падчас работы выстаўкі "108 мінут. Дарога ў космас" будуць праводзіцца культурныя мерапрыемствы для розных катэгорый наведвальнікаў", - расказалі ў музеі.

Праект рэалізуецца сумесна з Аб'яднаным мемарыяльным музеем Ю.А. Гагарына, Смаленскім дзяржаўным музеем-запаведнікам, Навукова-даследчым выпрабавальным цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына, Фондам папулярызацыі пілатуемай касманаўтыкі "Космас - гэта мы!", Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, музеем авіяцыйнай тэхнікі Мінскага аэраклуба ДТСААФ, іншымі ўстановамі і арганізацыямі Беларусі і Расіі пры падтрымцы Міністэрства культуры, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі - Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

Убачыць скафандры і ўзоры прадуктаў харчавання касманаўтаў можна будзе да 31 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі