ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 3 снежня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 кастрычніка 2020, 17:51

Сядзібны дом Напалеона Орды рыхтуецца прыняць турыстаў

26 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці рыхтуецца прыняць турыстаў адноўлены сядзібны дом Напалеона Орды, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Барадзінчык.

Сядзібны дом ва ўрочышчы Чырвоны Двор пачалі аднаўляць у 2009 годзе. У мінулым снежні будаўніча-мантажныя работы завяршылі і аб'ект быў здадзены ў эксплуатацыю. Цяпер супрацоўнікі раённага музейнага комплексу Напалеона Орды і іншыя профільныя спецыялісты завяршаюць рыхтаваць навукова-мастацкую канцэпцыю пастаяннай экспазіцыі.

"Па меры фінансавых магчымасцей набываюцца экспанаты для экспазіцыі. Спадзяёмся яе часткова аформіць да канца года і адкрыць для турыстаў, - адзначыла Валянціна Барадзінчык. - Мы вельмі зацікаўлены ў папулярызацыі спадчыны Напалеона Орды. Стварэнне экспазіцыі каштуе немалых грошай, але мы стараемся. Прыцягваем сродкі, заробленыя на раённым суботніку, шукаем спонсараў".

У радавым гняздзе мастака і кампазітара плануюць стварыць экспазіцыю, прысвечаную жыццю шляхты. "У сядзібным доме працавалі і сяляне, таму ў двух пакоях хочам паказаць іх побыт і культуру. Каб госці маглі параўнаць жыццё розных саслоўяў", - растлумачыла начальнік аддзела культуры. Турысты змогуць прагуляцца па 16 пакоях. Прапануецца ўладкаваць парадную залу, бібліятэку, гасціную, абедзенную і бальную залы, дзіцячы пакой, рабочы кабінет.

Ёсць ідэя ў будучым закласці сад па аналогіі з тым, які быў у маёнтку сям'і Напалеона Орды. "Усё адразу зрабіць немагчыма. Гэта ўжо работа на перспектыву. Мы зацікаўлены ўзнавіць і гаспадарчыя пабудовы, каб цалкам рэканструяваць сядзібна-паркавую зону", - рэзюмавала Валянціна Барадзінчык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі