14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрт памяці беларускага кампазітара і піяніста Юрыя Блінова "Дарагому сябру" пройдзе 18 кастрычніка на сцэне Вялікай канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і сувязей з грамадскасцю ўстановы культуры.
"Юрый Бліноў быў выдатным музыкантам, які спалучаў у сабе дзве іпастасі кампазітара і выканаўцы, што заўсёды было прыкметай асаблівага, яркага дару. Яго святло прыцягвала многіх таленавітых люзей, і ў выніку сумеснай творчасці з'явіўся не адзін цудоўны твор, - расказалі ў Белдзяржфілармоніі. - У Юрыя Блінова было шмат сяброў, калегі яго паважалі, слухачы любілі. І для іх яго раптоўная смерць стала сапраўднай трагедыяй. Цяпер даводзіцца толькі здагадвацца, якія яшчэ творы ён мог бы напісаць і колькімі цудоўнымі канцэртамі парадаваць сваіх паклоннікаў".
У першым аддзяленні творы Моцарта, Бузоні, Шапэна, Ліста і Рахманінава выканае піяніст Барыс Блох - блізкі сябар Юрыя Блінова. "Барыс Блох - выдатны піяніст, унікальная з'ява ў свеце класічнай музыкі. Крытык Марсэль Райх-Раніцкі назваў яго "бурным паэтам". З Юрыем Бліновым музыканта аб'ядноўваў палкі творчы тэмперамент, які прымушаў іх імкнуцца да ўсё новых і новых вяршынь", - адзначылі ў філармоніі.
У другім аддзяленні прагучаць творы і транскрыпцыі самога Юрыя Блінова ў выкананні яго сяброў і калег Таццяны Гаўрылавай (сапрана), Уладзіміра Громава (барытон), Антона Маляёнка (баян), Наталлі Котавай (фартэпіяна), Валерыі Баравіковай (фартэпіяна), Марыны Русаковай (фартэпіяна), Алены Навуменка (фартэпіяна), Біяты Кабіравай (фартэпіяна), Кірыла Барташэвіча (фартэпіяна). Іх блізкае знаёмства з аўтарам дасць магчымасць музыцы раскрыцца з новага, нечаканага боку. Вядучай канцэрта стане Наталля Ганул.-0-