Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 чэрвеня 2021, 15:57

"Сістэма каардынат": кнігу аб лёсах вядомых беларусаў выдала "Беларуская энцыклапедыя"

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга "Сістэма каардынат" Зоі Падліпскай выйшла ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.

Выданне асвятляе лёсы вядомых людзей краіны, якія расказваюць у інтэрв'ю аб асноўных этапах свайго жыцця, шчодра дзеляцца ўспамінамі аб родных мясцінах і блізкіх людзях, успамінаюць пра дзяцінства, юнацтва, сталенне. "У кожнага з іх уласная сістэма жыццёвых каардынат, якая вызначыла іх адметную траекторую лёсу. Сярод герояў аўтарскіх размоў беларускія празаікі і паэты Янка Сіпакоў, Уладзімір Ліпскі, Аляксандр Карлюкевіч, Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч, Казімір Камейша, Віктар Кажура, мовазнаўцы Віктар Іўчанкаў і Ігар Капылоў", - адзначылі ў выдавецтве.

"Траекторыя лёсу чалавека пачынаецца са своеасаблівага пункта адліку - яго нараджэння. Праходзіць час, і кожны выбірае сваю запаветную сцяжыну, стварае ўласную сістэму жыццёвых каардынат, імкнецца вызначыць правільныя арыенціры, каб напоўніць каштоўнасным сэнсам сваю наканаваную Богам і выбраную сэрцам дарогу. З адметных і непаўторных гісторый лёсу людзей складаецца гісторыя лёсу краіны, яе мінулае і сучаснае, закладваецца фундамент на будучае. І менавіта людзі - той бясцэнны скарб, які жывіць родную зямлю асаблівай сілай і магутнасцю", - падкрэслілі ў "Беларускай энцыклапедыі".

Зоя Падліпская - член Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі "Чалавек безбар'ернага асяроддзя-2019". З 2009 года яна была галоўным рэдактарам часопіса "Роднае слова", а з 2019 года займае пасаду дырэктара Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры. Зоя Падліпская з'яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі "Палон нябёсаў", "У вэлюме завей", "Малюся зорам", сцэнарыя дакументальнага фільма "Я - дзяўчынка на шары", прысвечанага беларускай пісьменніцы Раісе Баравіковай, а таксама кнігі прозы "Нашчадкі выбранцаў" і рамана-споведзі "Маналог у паўстагоддзя".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі