Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 красавіка 2021, 17:38

Сінтэз сакральнага і свецкага: выставачны праект аб Хрысце адкрыецца 14 красавіка ў НММ

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабны выставачны праект "Для чаго ты мяне пакінуў" адкрыецца 14 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Аб гэтым сёння журналістам расказаў куратар праекта, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX-XXI стст. НММ Дзмітрый Салодкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты праект па-філасофску мысліцельны, таму што прысвечаны тэме адзіноцтва Хрыста-пакутніка. Мы асабліва ніколі не глядзелі пад такім вуглом на сакральнае мастацтва, не вылучалі нейкую эмоцыю, стан. Як правіла, заўсёды выстаўляліся творы сакральнага характару, накіраваныя на дэманстрацыю школы, тэхнік або нейкай сюжэтнай лініі, напрыклад Божай Маці ў мастацтве, абразы Беларусі, Расіі і Украіны. А вось каб сканцэнтраваць сваю ўвагу на пэўным стане, такога мы яшчэ не спрабавалі", - расказаў Дзмітрый Салодкі.

Паводле слоў куратара, гэты праект з'яўляецца эксперыментам, дзе злучаецца сакральнае мастацтва XVII-XIX стст. з творамі XX ст. беларускіх мастакоў, якія стварылі свае творы ў стылістыцы перажыванняў, хросных пакут. "Мы злучаем сакральнае і свецкае, канцэнтруем увагу на нейкім разумовым аспекце паказанага ў сакральным мастацтве", - падкрэсліў навуковы супрацоўнік.

Гэта выстава зойме чатыры залы музея. "Гэта маштабнасць будзе іграць на раскрыццё тэмы адзіноцтва Хрыста-пакутніка, таму я планую выкарыстаць мінімальную колькасць твораў у гэтых залах. Гэта не будзе дывановая развеска на сценах, якую мы прывыклі бачыць у класічных падыходах экспанавання. Перад гледачамі паўстане своеасаблівая мінімалістычная мізансцэна з твораў сакральнага мастацтва для таго, каб глядач мог сам-насам застацца з імі, каб у яго была магчымасць сканцэнтраваць увагу на канкрэтным прадмеце, а не ўспрымаць іх кліпава, пераходзячы ад аднаго да іншага", - звярнуў увагу Дзмітрый Салодкі.

Арганізатары адзначылі, што мэтай выставы з'яўляецца імкненне выклікаць суперажыванне, спачуванне распятаму Хрысту. "У загаловак выставы вынесена евангельская цытата - словы, якія сказаў Хрыстос на крыжы: "Божа мой, Божа мой! для чаго Ты Мяне пакінуў?" І вось гэтыя словы адчаю пакладзены ў аснову праекта. Каб яшчэ больш гэта падкрэсліць, мы будзе выкарыстоўваць мінімальнае, кропкавае асвятленне", - прадоўжыў куратар.

У экспазіцыі ў асноўным будзе прадстаўлена старажытнабеларуская скульптура - прастольныя, прыдарожныя распяцці. "Гэта не проста тая скульптура, якую глядач можа ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі. Мы выбіралі для гэтага праекта творы, якія ніколі не экспанаваліся і якія яшчэ чакае этап рэстаўрацыі. Гэта работы са стратамі фарбавага слоя, фрагментаў кампазіцыі. У некаторых з XVII-XVIII стст. не захаваліся ў распяццях Хрыста рукі, фрагменты ног. Мы хочам прадэманстраваць менавіта пашкоджаныя часам работы для таго, каб выклікаць у гледача дадатковую эмацыянальную афарбоўку ўспрымання гэтых твораў", - дадаў Дзмітрый Салодкі.

"Акрамя таго, мы плануем правесці анлайн-экскурсіі выставы. Паспрабуем рэалізаваць незвычайны фармат прагулкі па выставе, калі куратар будзе расказваць сваю ідэю сумесна з запрошаным свяшчэннікам, які будзе даваць сваю ацэнку. Напрыклад, хочам пагаварыць з ім аб цэласнасці абраза: чаму кананічна забаранялася ў царкве перад пашкоджаным абразом чытаць малітву", - сказаў навуковы супрацоўнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі