Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 снежня 2016, 12:58

Сімволіка беларускага арнаменту ўпрыгожыла візіткі фіналістаў адбору на "Еўрабачанне-2017"

19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія прадаўжае падрыхтоўку да фіналу нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга, 17 снежня ў Белтэлерадыёкампаніі з раніцы да позняга вечара праходзілі здымкі візітак для кожнага з 13 фіналістаў.

Згодна з канцэпцыяй, для асновы візітных картак выкарыстана сімволіка беларускага арнаменту. А для рэалізацыі творчай задумы рэжысёрская група ўзброілася добрым настроем, а таксама люмінесцэнтнай фарбай, аргшклом і лямпамі з ультрафіялетам.

У кожнага фіналіста - той ці іншы беларускі сімвал, які мае канкрэтнае азначэнне. Напрыклад, сімвал "Зямля" дастаўся спявачцы KATTIE, Уладзіславу Курасаву выпала "Багацце", а група NAVIBAND з дапамогай свайго узору ўспамінае "Продкаў".

"Для фіналістаў мы выбіралі сімвалы ў адпаведнасці з песняй і яе падачай, а таксама вобразам артыста. Дарэчы, знамянальны факт: у гэтым годзе ў нас на праслухоўванні было 67 удзельнікаў. Роўна столькі сімвалаў у беларускім арнаменце", - расказаў рэжысёр відэаролікаў Юрый Ярошык.

Што ж у выніку атрымалася з крэатыўнай ідэі, тэлегледачы змогуць убачыць у эфіры як напярэдадні фіналу, так і ў час самога гала-канцэрта, дзе выступленню кожнага артыста будзе папярэднічаць візітка.

Шоу адбудзецца ў прамым тэлевізійным эфіры 20 студзеня 2017 года на канале "Беларусь 1" і міжнародным спадарожнікавым тэлеканале "Беларусь 24".

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі для ўдзелу ў міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве (Украіна) будзе вызначаны ў час трансляцыі фіналу галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50x50.

Арганізуе нацыянальны адбор і займаецца далейшай падрыхтоўкай беларускага ўдзельніка міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі