Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 верасня 2021, 09:39

"Шлюб з ветрам" прызнаны лепшым спектаклем фестывалю "Белая вежа"

20 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце абвясцілі вынікі XXV Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Лепшым спектаклем экспертны савет тэатразнаўцаў і крытыкаў прызнаў пастаноўку "Шлюб з ветрам" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яркі, візуальна эфектны спектакль без слоў, дзе замест традыцыйных дыялогаў гучаць народныя музыка і песні, паставіў малады беларускі рэжысёр Яўген Карняг.

Яшчэ адна яго пастаноўка - "Запіскі юнага ўрача" паводле апавяданняў Міхаіла Булгакава - перамагла ў намінацыі "Лепшая мужчынская роля". Так экспертны савет адзначыў работу артыста Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрыя Чуйкова, які сыграў галоўную ролю ў спектаклі.

Лепшай жаночай роляй прызнана работа артысткі Нацыянальнага акадэмічнага рускага тэатра драмы імя М.Лермантава заслужанага дзеяча Казахстана Ірыны Лебсак у меладраме "Асеннняя саната". За драму "Гардэнія" Ерэванскі дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя К.С.Станіслаўскага ўдастоены дыплома ў намінацыі "Лепшы акцёрскі ансамбль".

Таксама арганізатары фестывалю заснавалі спецыяльныя дыпломы. За спектакль "А.Л.Ж.І.Р." Тбіліскі дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр імя А.С.Грыбаедава ўзнагароджаны дыпломам "За шчырасць гістарычнай памяці". Дзяржаўны акадэмічны тэатр класічнага балета пад кіраўніцтвам Н.Касаткінай і У.Васілёва з Расіі - "За творчую адданасць ідэалам класічнага балета". Народная артыстка Таджыкістана Сайрам Ісоева- "За захаванне традыцый нацыянальнага мастацтва Таджыкістана".

XXV Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" прайшоў у Брэсце з 10 па 18 верасня. У конкурснай праграме ўдзельнічалі 22 пастаноўкі тэатраў з сямі краін. Юбілейны форум быў прысвечаны 30-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў і праводзіўся пры садзейнічанні Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. Арганізуюць фестываль Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Міністэрства культуры, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі