Сцяг Субота, 15 лютага 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лютага 2025, 09:20

"Шчасце, калі чалавек трапляе на сваё месца". Юбілей Тамары Міронавай адзначылі ў Купалаўскім тэатры

Тамара Міронава. Фота з архіва
Тамара Міронава. Фота з архіва
5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паказ трагікамедыі "Апошні атракцыён", прымеркаваны да юбілею народнай артысткі Беларусі Тамары Міронавай, адбыўся на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

3 лютага актрысе Купалаўскага тэатра споўнілася 75 гадоў. З іх яна ўжо больш за паўстагоддзя знаходзіцца на тэатральнай сцэне. За гэты час паспела ўвасобіць на сцэне і ў кіно мноства яркіх вобразаў. "Тэатр - гэта маё жыццё, тое, што я люблю. Я ўдзячна, што трапіла ў тэатр і тут працую, таму што я абсалютна шчаслівы чалавек у гэтых адносінах. Мы працуем усё жыццё, і калі ты трапіў на сваё месца, то тады ты шчаслівы", - сказала Тамара Міронава.

Учора яна выйшла на сцэну ў ролі панурай, крыху антысацыяльнай Абі, якая па волі лёсу становіцца суседкай па пакоі ў пансіянаце з абаяльнай Мэрылін, якую іграе мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава. Сам спектакль заснаваны на п'есе амерыканскага драматурга, рэжысёра, сцэнарыста, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Дэвіда Ліндсі-Эбера. Над пастаноўкай працаваў заслужаны артыст Расіі Андрэй Завадзюк.

"У гэтым спектаклі я да самага канца не дарую свайму сыну, але калі даведваюся, што нарадзіўся ўнук, мне пачынае хацецца жыць, а жыццё абрываецца. Гэта навучыла мяне не песціць сваю крыўду. Трэба дараваць людзям, тады і самому, і людзям вакол будзе прасцей", - падзялілася Тамара Міронава тым, чаму навучыла яе гэта роля.

На пытанне, у чым сакрэт яе аптымізму, артыстка адказала, што трэба бачыць добрае ў штодзённым і, зразумела, любіць сваю прафесію.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі