Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 студзеня 2019, 18:46

Шаранговіч: сваю творчасць прысвячаю малой радзіме

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уся творчасць прысвечана малой радзіме, адзначыў карэспандэнту БЕЛТА народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, які сёння адзначае 80-гадовы юбілей.

"Я нарадзіўся ў вёсцы, потым пераехаў у горад. Я ўсё жыццё любіў, люблю і буду любіць сваю малую радзіму. Я хацеў сваёй творчасцю паказаць хараство роднай зямлі, тых людзей, з якімі жыў, хацеў данесці вобраз сапраўднага беларуса. Цяпер я працую над пейзажамі і партрэтамі маіх саратнікаў - гэта Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін і іншыя. Серыя будзе ўключаць 20 партрэтаў. Ужо гатовы 5 з іх", - расказаў Васіль Шаранговіч.

Юбіляр адзначыў, што важнай падзеяй у яго жыцці стала адкрыццё восенню мінулага года ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна персанальнай мастацкай галерэі. У ёй прадстаўлена 130 работ майстра. Сярод іх ілюстрацыі да твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, станковыя работы, акварэлі і малюнкі. Значнае месца ў творчасці Васіля Шаранговіча займаюць пейзажы - у асноўным мядзельскія краявіды. Агульная плошча экспазіцыі складае больш за 200 кв. м. "Гэта месца з асаблівай энергетыкай, я ўсім раю яго наведаць. А маладым мастакам хачу пажадаць несці праз усю сваю творчасць любоў да краіны і малой радзімы, бо гэта тое месца, якое ты будзеш любіць да канца сваіх дзён", - адзначыў мастак.

Васіль Шаранговіч нарадзіўся ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер - Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З'яўляецца народным мастаком Беларусі, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаным дзеячам мастацтваў Польшчы, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Творы выдатнага майстра станковай і кніжнай графікі з адметным творчым почыркам, аднаго з самых вядомых і прызнаных беларускіх мастакоў знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, Міністэрстве культуры Расіі, мемарыяльным комплексе "Хатынь", у зборніках Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Расіі, у прыватных калекцыях Італіі, ЗША, Германіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі