Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 красавіка 2021, 10:58

Сертыфікат на бясплатнае наведванне музеяў Брэсцкай крэпасці атрымаюць пераможцы фотаконкурсу

12 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" аб'явіў фотаконкурс "Музеі Беларусі", прымеркаваны да Міжнароднага дня музеяў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-асветнага аддзела ўстановы Іна Кавальчук.

Удзельнічаць могуць усе жадаючыя. Арганізатары прапануюць падзяліцца цікавымі фатаграфіямі, зробленымі ў час наведвання музеяў нашай краіны. Акрамя абавязковага пазначэння аўтара, месца і даты здымкі вітаецца суправаджэнне здымкаў кароткім апісаннем. Работы трэба прысылаць на адрас электроннай пошты brest-fortress@brest-fortress.by да 14 мая.

Аўтары трох лепшых здымкаў атрымаюць імянны бестэрміновы сертыфікат на бясплатнае наведванне ўсіх музейных экспазіцый мемарыяльнага комплексу: Музея абароны, філіяла "5-ы форт", экспазіцый "Армейскі клуб", "Музей вайны - тэрыторыя міру", "Летапіс Брэсцкай крэпасці", "Абарона Усходняга форта". Лепшыя фатаграфіі будуць прадстаўлены на выстаўцы, адкрыццё якой намечана на 21 мая. У гэты ж дзень на адкрытай пляцоўцы комплексу плануецца правесці конкурс чытальнікаў для школьнікаў і студэнтаў.

Сама ўстанова ўдзельнічае ў конкурсе відэаролікаў "Шэдэўры тэрыторыі Перамогі", арганізаваным Цэнтральным музеем Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў як частка міжнароднага праекта "Тэрыторыя Перамогі". Супрацоўнікі комплексу стварылі відэаролік аб гісторыі партрэта абаронцы Брэсцкай крэпасці Анатоля Андрэенкава. Малюнак гуашшу на частцы салдацкай прасціны прадстаўлены ў першай зале экспазіцыі "Музей вайны - тэрыторыя міру", які называецца "Напярэдадні".

"Партрэт быў напісаны ў крэпасці роўна за месяц да вайны, 21 мая 1941 года. Анатоль Андрэенкаў паспеў адправіць малюнак аднапалчаніна Віталя Якаўлева дамоў, на Смаленшчыну. Іх лёсы склаліся па-рознаму. Мастак загінуў у нямецкім палоне ў першыя месяцы вайны. Анатоль Андрэенкаў выйшаў з акружэння, змагаўся на розных франтах, дайшоў да Кёнігсберга і памёр у 2009 годзе ва ўзросце 90 гадоў", - расказала Іна Кавальчук.

Прагаласаваць за ролік брэсцкіх музейшчыкаў можна на афіцыйным сайце Музея Перамогі па 9 мая. Урачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў плануецца правесці 11 мая на міжнародным фестывалі "Інтэрмузей-2021".

За студзень-сакавік мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" наведалі больш як 34 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі