
27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўку савецкага агітацыйнага палітычнага плаката прадставілі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Экспазіцыя прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння СССР. На выстаўцы прадстаўлены копіі плакатаў з калекцыі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", якая налічвае больш за 50 экзэмпляраў. У экспазіцыі можна ўбачыць работы, прысвечаныя барацьбе з капіталізмам і імперыялізмам: плакаты 1920-1930-х гадоў, а таксама пазнейшыя работы 1950-1980-х гадоў.
"Прапаганда, агітацыя і арганізацыя - вось тры асноўныя функцыі савецкіх сродкаў масавай інфармацыі, да якіх, несумненна, можна аднесці і плакат з-за яго даступнасці для ўспрымання, масавасці і насычанасці інфармацыйнага зместу. Многія з гэтых узораў агітацыйнага выяўленчага мастацтва даўно сталі сапраўднай класікай і задача нашчадкаў - паважаць і шанаваць тое, што было зроблена раней, бо гэта і ёсць нашы традыцыі", - адзначылі арганізатары.
Выстаўка прадоўжыцца да 13 студзеня 2023 года.-0-