Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 жніўня 2016, 13:02

Самыя культурныя гарады вызначаць у Беларусі

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія населеныя пункты пазмагаюцца за званне "Горад культуры ў Год культуры". Як паведаміла журналістам першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, конкурс пад такой назвай стане своеасаблівым падвядзеннем вынікаў Года культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вобразна кажучы, упершыню будуць вызначаны самыя культурныя населеныя пункты, якія ўнеслі найбольшы ўклад і ў развіццё культуры, і ў развіццё турызму. Будуць названы лепшы абласны цэнтр, лепшы горад абласнога падпарадкавання, лепшы горад раённага падпарадкавання, лепшы пасёлак гарадскога тыпу і лепшы аграгарадок", - сказала Ірына Дрыга.

У рэгіёнах рэалізуецца шмат цікавых праектаў, ёсць нямала самабытных гарадоў, дзе праводзяцца яркія фестывалі, адраджаюцца народныя промыслы, дзейнічаюць экскурсійныя маршруты. Ірына Дрыга адзначыла, што хацелася б, каб такія дасягненні былі заўважаны і сталі аб'ектам увагі турыстаў, гасцей краіны і грамадзян Беларусі.

Да 31 жніўня аблвыканкамы могуць збіраць заяўкі для ўдзелу ў конкурсе і накіроўваць прапановы ў Міністэрства культуры Беларусі. У кастрычніку журы вызначыць пераможцаў.

Распрацаваны крытэрыі, па якіх будуць вызначацца лепшыя гарады. Гэта выкананне ўстаноўленых паказчыкаў развіцця галіны культуры, колькасць і мастацкі ўзровень праведзеных мерапрыемстваў, рэалізацыя наватарскіх праектаў, у першую чаргу накіраваных на прапаганду нацыянальнай культуры і гісторыі, традыцый рэгіёна, узровень развіцця інфраструктуры, дзейнасць па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і г.д. Лепшыя населеныя пункты будуць адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Акрамя таго, пройдзе рэспубліканскі конкурс на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Вынікі яго будуць падведзены спецыяльна створанай камісіяй да 15 лютага 2017 года. Будуць вызначаны лепшы абласны, раённы, гарадскі, сельскі выканаўчы камітэты, сельскі пасялковы савет, якія ў большай ступені садзейнічаюць развіццю культуры ў сваім рэгіёне.

Мясцовыя органы ўлады да 31 снежня могуць прыслаць свае заяўкі на ўдзел у гэтым конкурсе ў аблвыканкамы, дзе ацэняць прапановы і накіруюць лепшыя з іх на ўдзел у рэспубліканскім этапе ў Мінкультуры.

Як адзначыла першы намеснік міністра культуры, вынікі конкурсу будзе падводзіць нават не журы, а спецыяльна створаная рэспубліканская камісія, якой трэба будзе ўсебакова ацаніць дасягненні мясцовых органаў улады. Крытэрыі ацэнкі дэталёва распрацаваны: эфектыўнасць вырашэння пытанняў фінансавання галіны ў рэгіёне, а таксама функцыянавання арганізацый культуры; дзейнасць, якую мясцовыя органы ўлады разгарнулі па ўмацаванні матэрыяльнай базы арганізацый культуры; садзейнічанне мясцовых органаў улады рэалізацыі інавацыйных праектаў у сферы культуры і прыцягненню ў сферу культуры спонсарскіх, пазабюджэтных сродкаў; садзейнічанне ўкараненню інфармацыйных тэхналогій і г.д. Лепшыя органы мясцовай улады атрымаюць грашовыя прэміі і дыпломы.

Вынікі конкурсу будуць падведзены да 15 лютага 2017 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі