Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лютага 2019, 13:35

Сакрэтамі пляцення валагодскіх карункаў падзеляцца на выставе ў Гомелі

27 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Дзіўныя ўзоры валагодскіх карункаў" адкрыецца 6 сакавіка ў Гомелі ў карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.

Экспазіцыя прадэманструе лепшыя творы валагодскіх мастакоў па карунках, якія працавалі ў розныя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Наведвальнікі ўбачаць яркія ўзоры мастацкай творчасці і экспанаты, што ілюструюць пэўныя этапы развіцця Расіі.

"Адметнасць творчасці валагодскіх мастакоў - ва ўменні відазмяняць этнаграфічныя матывы, абнаўляць іх. Напрыклад, у пано "Квітней, зямля калгасная!" (Вікторыя Ельфіна, 1970-я гады), нягледзячы на назву, характэрную для савецкага перыяду, цэнтральны вобраз квітнеючага дрэва блізкі па сутнасці да традыцыйных вобразаў-сімвалаў народнага мастацтва і ўспрымаецца як паэтычна-казачнае, фальклорнае дрэва жыцця", - расказалі ў карціннай галерэі.

Старажытнай Волагдзе прысвяціла твор "Святыні Волагды" (2003 год) Ангеліна Ракчэева. У яе рабоце вобраз Сафійскага сабора займае цэнтральнае месца. У вуглах карункавай карціны - выявы валагодскіх цэркваў і высокая званіца. Нараўне з помнікамі дойлідства адным з вобразаў пано з'яўляецца каруначніца за работай. "Для мастацкай гісторыі валагодскага краю праца каруначніцы, якая стварае ажурнае палатно, супастаўная з працай старадаўніх дойлідаў", - растлумачылі субяседнікі.

Таксама выстава прадэманструе багацце прадметаў адзення і аксесуараў: жакетаў, манто і палярын, здольных падкрэсліць жаночую прыгажосць. Увазе наведвальнікаў прапануюць і матэрыялы з калекцыі валагодскага музея карункаў, а таксама з музейнага збору кампаніі "Сняжынка", майстры якой захоўваюць і развіваюць багатыя мастацкія традыцыі карункапляцення.

"Волагда была і застаецца "карункавай" сталіцай Расіі. Тысячы цярплівых жаночых рук пранеслі праз стагоддзі, перадаючы з пакалення ў какаленне, сакрэт стварэння непаўторных вырабаў", - адзначылі ў галерэі. Гамяльчанам аб пляценні валагодскіх карункаў раскажуць на майстар-класе ў час адкрыцця экспазіцыі.

Выстава "Дзіўныя ўзоры валагодскіх карункаў" у Гомелі з'яўляецца прадаўжэннем культурнага супрацоўніцтва Валагодскага дзяржаўнага музея-запаведніка з музеямі Беларусі. У ліпені мінулага года экспазіцыя "Валагодскія карункі" была прадстаўлена ў Віцебску, таксама дзіўнымі ўзорамі маглі палюбавацца жыхары і госці Брэста.

Убачыць работы валагодскіх майстроў у Гомелі можна будзе да канца красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі