Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 сакавіка 2019, 19:02

РТБД пакажа камедыю Андрэя Курэйчыка "Гендарныя выкрунтасы"

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ера спектакля "Гендарныя выкрунтасы" паводле п'есы вядомага айчыннага драматурга Андрэя Курэйчыка адбудзецца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі 31 сакавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар тэатра Жанна Гурына.

"У цэнтры сюжэту двухгадзіннай камедыі рэжысёра-пастаноўшчыка Аляксандра Гарцуева - гісторыя пераўвасабленняў з немудрагелістым і знаёмым кожнаму сюжэтам, у якім героі крыху не ў сабе, прычым ва ўсіх сэнсах. Да таго ж злабадзённасць і камічнасць падзей зашкальваюць", - расказала прэс-сакратар.

Такі сцэнічны эксперымент дае магчымасць акцёрам крыху пагарэзнічаць у перапынках паміж сур'ёзнымі работамі. "Спадзяюся, што і гледачу будзе цікава паназіраць, як у рэжыме рэальнага часу надыходзіць момант вось гэтых гендарных выкрунтасаў. Калі мы глядзім фільмы, дзе ў сюжэце прысутнічае пераўвасабленне, мы разумеем, як гэта працуе, пры дапамозе якіх кінапрыёмаў, агучванне зноў жа можа стварыць такі эфект. А ў тэатры тут і цяпер можна паназіраць за гэтым эксперыментам", - адзначыў Аляксандр Гарцуеў.

Пастаноўка "Гендарныя выкрунтасы" дала магчымасць акцёрам папрабаваць сябе ў іншым рэчышчы. "Гэта такая пэўная рызыка. Я не ведаю, што атрымаецца і якой будзе рэакцыя гледача ў адказ, але гэта быў мой свядомы выбар, каб мяне ўбачылі зусім іншай - вострахарактарнай і нават гратэскнай недзе, - падзялілася меркаваннем заслужаная артыстка Беларусі Людміла Сідаркевіч. - Проста хочацца, каб было смешна, бо гэта камедыя. Глядач павінен прыйсці і, вядома, нешта вынесці для сябе, але пры гэтым абавязкова пасмяяцца".

Спектакль "Гендарныя выкрунтасы" ў тэатры пакажуць таксама 4 і 17 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі