3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэжысёр анімацыйнага фільма "Баявая машына" Наталля Касцючэнка расказала журналістам перад кінапаказам на "Беларусьфільме", чаму вырашыла закончыць фільм хэпі-эндам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Анімацыйны фільм "Баявая машына" - гісторыя маладога савецкага танкіста, які спрабуе прарвацца ў акупіраваны фашыстамі Мінск, дзе жыве яго любімая дзяўчына.
Паводле слоў Наталлі Касцючэнка, фільм заснаваны на канкрэтным гістарычным факце, але пры гэтым стваральнікі пастараліся ўнеслі ў гісторыю сваё бачанне. "У нас атрымалася творчае пераасэнсаванне вядомай гісторыі. Мне вельмі спадабаўся гэты сцэнарый на ваенную тэму. Узнікла ідэя паказаць звычайныя цёплыя чалавечыя пачуцці", - сказала рэжысёр.
Паводле яе слоў, галоўны герой не адчуваў страху, ён абараняў свой дом і сваіх любімых людзей. "Па законах жанру інтэрнат, куды ён прыехаў, павінен быў быць падарваны, але захацелася павесці сюжэт да станоўчага фіналу. Зразумела, што заўсёды бяспройгрышна працуе драматычны, трагічны канец, але ж многія людзі выжылі на вайне і вярнуліся ў свае сем'і. Таму мы вырашылі закончыць хэпі-эндам", - адзначыла Наталля Касцючэнка.
Яна расказала, што фільм быў зняты ў тэхніцы эклер, пры якой выкарыстоўваецца відэаздымка, спецыяльным чынам апрацоўваюцца і выбіраюцца патрэбныя кадры. "У фільме нам хацелася выкарыстоўваць гіперрэалізм у малюнку. Не было жадання рабіць цацачную стылізацыю на такую сур'ёзную тэму", - дадала рэжысёр.
Кінапаказ анімацыйнага фільма "Баявая машына" і фільма "Падрыў", а таксама экскурсія па кінастудыі "Беларусьфільм" былі арганізаваны ў ходзе штомесячных тэматычных кіналекторыяў і кінасустрэч "Пад мірным небам Беларусі". Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі БРСМ і "Белай Русі".-0-