Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 верасня 2021, 14:13

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запрашае дзяцей стварыць новы спектакль

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы праект "Су-Тварэнне" стартуе 12 верасня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Праект "Су-Тварэнне" - гэта творчая пляцоўка для дзяцей ад 4 да 10 гадоў, на якой удзельнікі змогуць паглядзець на казку як на творчы матэрыял для стварэння свайго тэатральнага свету. "Дзіцячае мысленне - гэта асаблівае і непаўторнае адчуванне рэальнасці, вера ў прапанаваныя абставіны і непасрэднасць у поглядзе на прывычныя і нецікавыя для дарослых рэчы. І гэта галоўная каштоўнасць для стваральнікаў праекта. "Су-Тварэнне" - гэта працэс, у якім ніхто нікога не вучыць, не папраўляе, а ўзаемазахапляецца, дзеліцца вопытам, слухае адзін аднаго і спрабуе думаць свабодна і бязмежна", - расказалі арганізатары.

Першым этапам праекта стане шэраг сустрэч, якія правядуць актрыса РТБД Настасся Баброва, рэжысёр Яўгенія Давідзенка і мастак Алена Ігруша, дзе праз гульні, размовы і імправізацыю дзеці азнаёмяцца са светам тэатра знутры. "Апынуўшыся ў ролях практыкаў тэатра: мастакоў, акцёраў, рэжысёраў, - удзельнікі на працягу восені паставяць фрагменты казкі і створаць свае вобразы да будучай сцэнаграфіі спектакля", - дадалі ва ўстанове.

"Сіла дзіцячага малюнка ідзе ад непасрэднасці ўспрымання свету дзіцем, таму любы такі малюнак бездакорны і верны. Большасць людзей разглядае малюнкі дзяцей з паблажкай. Мы ж першапачаткова ставімся да маленькага чалавека як да аўтара. Гэта азначае немагчымасць "выправіць", "зрабіць крыху лепш" або замяніць хоць які-небудзь элемент афармлення. Наша каманда хоча зразумець дзіця і пабудаваць мосцік паміж дарослай і дзіцячай культурай", - адзначыла аўтар ідэі мастак Алена Ігруша.

12 верасня адбудзецца першая сустрэча, на якой маленькія творцы змогуць акунуцца ў неверагодныя прыгоды па тайным закуліссі тэатра, дзе кожны паспрабуе сябе ў ролях тых, хто стварае спектакль. Хуткімі крокамі ўдзельнікі пройдуць па ўсіх этапах работы над сваім маленькім паказам: прыдумаюць унікальную гісторыю і яе герояў, самастойна дадуць імёны і характары персанажам, навучацца ў іх пераўвасабляцца. Створаць уласныя касцюмы, музыку да спектакля і нават дэкарацыі. Ужо ў канцы ўводнай сустрэчы бацькам будзе прапанавана паглядзець міні-спектакль, прыдуманы іх дзецьмі.

На працягу верасня і кастрычніка ўдзельнікі праекта будуць сустракацца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, каб у атмасферы даверу і творчага пошуку даведацца пра дэталі тэатральнага працэсу, атрымаць вопыт работы з мастацкімі матэрыяламі і падзяліцца з дарослымі сваім непаўторным адчуваннем свету. Пасля гэтага этапу на аснове дзіцячых малюнкаў Алена Ігруша распрацуе сцэнаграфію да спектакля, які паставіць рэжысёр Яўгенія Давідзенка з акцёрамі тэатра. У Міжнародны дзень абароны дзяцей, 1 чэрвеня 2022 года, удзельнікі праекта сустрэнуцца на прэм'еры пастаноўкі, сапраўднымі стваральнікамі якой стануць яны самі.

Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца дзеці ад 4 да 10 гадоў. Іх вопыт і ўменні не маюць значэння, а сам удзел у праекце бясплатны. Праект будзе ажыццяўляцца на рускай мове.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі