Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 снежня 2021, 20:11

Рэканструкцыю асабістай бібліятэкі Максіма Багдановіча прадставілі ў НББ

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Бібліятэка Максіма" адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"Імя Максіма Багдановіча вядома сёння кожнаму беларусу і невыпадкова мы называем яго класікам. Ён часцей за ўсё выступае для нас у ролі паэта, нацыянальнага генія, творцы высокага еўрапейскага ўзроўню, які нёс у свет айчынную літаратуру, - сказаў у час адкрыцця намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Суша. - Аднак для мяне ён быў яшчэ і пачынальнікам беларускай культуралогіі. Яго артыкул "Беларускае адраджэнне" - адна з першых прац па асэнсаванні культурнага развіцця краіны, напісаная беларусам. Багдановіча па праву можна назваць літаратурным крытыкам і гэту працу ён рабіў на прынцыпова новым узроўні. Яго падыход атрымаў вялікае развіццё ў творчасці іншых літаратуразнаўцаў. А яшчэ Максім Багдановіч - кніжнік, і гэта ўжо аксіёма. Ён быў тым чалавекам, які праз усё жыццё прайшоў з кнігай".

Эксперты адзначаюць, што менавіта бібліятэка бацькі паэта - Адама Багдановіча, аказала вялікі ўплыў на светаўспрыманне, характар ​​і творчыя здольнасці Максіма Багдановіча. Мала хто ведае, што ў самога класіка была кніжная калекцыя. Загадчык філіяла "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Бараноўскі расказаў, што ў 1918 годзе дом Максіма Багдановіча згарэў і бібліятэка знікла.

"Ёсць звесткі, што ў Максіма была свая бібліятэка "беларусікі", якая існавала асобна ад бібліятэкі бацькі, - адзначыў Міхаіл Бараноўскі. - Не існуе такога спіса, у якім пералічаны кнігі, што знаходзіліся ў яго ўласнасці. Але дзякуючы рабоце з дакументамі, аналізу крытычных тэкстаў, актаў перадачы архіва, якія захаваліся ў братоў Багдановіча, мы можам з большай верагоднасцю ўзнавіць той спіс кніжак, якія належалі паэту. На выставе сабраны толькі тыя выданні, якія ён запытваў у рэдакцыях, цытаваў па старонках. Гэтыя 40 выданняў - першая спроба пракласці мосцік і стварыць тую апору, па якой можна будзе прайсці далей і дапаўняць гэты спіс".

Паводле слоў літаратуразнаўца Мікалая Труса, у сям'і класіка быў своеасаблівы культ кнігі. "Асабліва цікава вывучаць пісьмы. Запісы бацькі Багдановіча сведчаць аб тым, што ён сапернічаў з Максімам Горкім у канцы 19 стагоддзя, хто збярэ лепшую бібліятэку. Разумееце, кнігі - гэта не толькі сямейны збор, самаадукацыя, але яшчэ і разуменне вытокаў творчасці класіка. Вядома, Максім Багдановіч не пераймаў вобразы і сюжэты, але заўсёды цікава даведацца, якой кніжнай энергіяй ён напаўняўся", - звярнуў увагу літаратуразнавец.

"Ёсць нейкая сістэма каардынат, у якой з'яўляецца твор. Размова аб тым, з якімі матэрыяламі на адной старонцы выходзіў тэкст, у якім выданні, калі і побач з якімі аўтарамі. Разглядаючы ўсё гэта, пачынаеш разумець - як цанілі паэта і наколькі яго творчасць была важнай", - рэзюмаваў ён.

Зыходзячы з архіўных дакументаў, успамінаў і перапісак, даследчыкі змаглі рэканструяваць беларускую частку асабістага кніжнага збору Максіма Багдановіча. НББ упершыню прэзентавала праект, які прадстаўляе музейную рэканструкцыю бібліятэкі "беларусікі" (усіх матэрыялаў, якія датычацца нашай краіны) класіка айчыннай літаратуры.

У экспазіцыі можна ўбачыць кніжна-ілюстрацыйную выставу, прысвечаную пісьменніку. Там ёсць экзэмпляры з аўтографамі паэта і беларускія выданні пачатку ХХ стагоддзя з Санкт-Пецярбурга, Вільнюса і Мінска. Наведвальнікі ўбачылі першыя айчынныя газеты і календары, першыя выпускі твораў класікаў айчыннай літаратуры і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія маглі захоўвацца ў Максіма Багдановіча.

Кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя знаёміць з творамі майстра слова, з літаратурай аб яго жыцці і творчасці, а таксама з перакладамі і юбілейнымі выданнямі. Сярод іх зборнік выбраных вершаў "Вянок"(1913), публіцыстычныя брашуры "Браты-чэхі"(1914) і "Беларускае адраджэнне"(1916). Асабліва цікавыя пераклады паэзіі Максіма Багдановіча на славянскія, еўрапейскія і азіяцкія мовы.

Экспазіцыя падрыхтавана НББ і "Літаратурным музеем Максіма Багдановіча" - філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Выставу можна наведаць па 15 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі