Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 студзеня 2019, 11:03

Рэканструкцыю археалагічнага музея "Бярэсце" завершаць летам

22 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Рэканструкцыю археалагічнага музея "Бярэсце" плануецца завяршыць летам бягучага года. Наведвальнікам прадставяць абноўленую пастаянную экспазіцыю, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар абласнога краязнаўчага музея, філіялам якога з'яўляецца "Бярэсце", Аляксей Міцюкоў.

Мадэрнізацыя музея вядзецца згодна з распараджэннем Прэзідэнта аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя Брэста. Работы на аб'екце пачаліся ў 2017 годзе. Праект прадугледжвае рамонт даху, падвалаў, службовых памяшканняў, узмацненне нясучых канструкцый, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Паралельна ствараецца новая экспазіцыя "Бярэсця". Яе канцэпцыя ў навуковым плане змяненняў практычна не зведае, мастацкае ж напаўненне стане іншым. Будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, з'явяцца інтэрактыўныя пляцоўкі, аб'ёмныя інсталяцыі, плануецца прымяніць элементы аўдыявізуалізацыі, QR-коды.

"У залах будуць адлюстраваны тэмы сельскай гаспадаркі, гандлю, палявання, культуры - усё тое, чым займаліся старажытныя людзі. Новаўвядзеннем стане абсталяванне залы, прысвечанай Берасцейскаму замку і гораду пасля XIII стагоддзя, каб наведвальнікі разумелі, што было пасля старажытнага Бярэсця, чаму горад перамясціўся на востраў Цытадэль, а потым там узнікла крэпасць. Будзе расказана пра гісторыю будаўніцтва музея і археалагічныя раскопкі", - адзначыў Аляксей Міцюкоў. Ён дадаў, што ў адной з залаў гасцям прадставіцца магчымасць для прагляду дакументальных фільмаў пра Бярэсце.

"Бярэсце" - унікальны музей, аналагаў якога няма ў Еўропе. Ён адкрыўся ў сакавіку 1982 года. З 1969 па 1981 год на гэтай тэрыторыі праводзіліся раскопкі. Вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі знайшлі драўляныя пабудовы XI-XIII стагоддзяў. Археалагічная калекцыя музея налічвае каля 40 тыс. прадметаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі