Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 ліпеня 2020, 11:33

Рэканструяваны Палац культуры адкрылі ў Оршы

30 ліпеня, Орша /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Гарадскі Палац культуры 29 ліпеня ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі ў Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рамонт тут ішоў 10 месяцаў. За гэты час рабочыя зрабілі дах, сеткі ўнутранай і знадворнай каналізацыі, электразабеспячэнне, водаправод. Спецыялісты ўцяплілі фасад будынка, аднавілі ўнутры і звонку ляпніну, стварылі безбар'ернае асяроддзе. Ва ўстанову культуры закупілі новае абсталяванне.

У абноўленым будынку размясціліся вялікая канцэртная зала, канферэнц-зала, аснашчаная сцэнічнай і танцавальнай пляцоўкай, касцюмерная, пашывачны цэх, майстэрня мастака-дэкаратара. Таксама тут ёсць цыркавая рэпетыцыйная зала з магчымасцю правядзення міні-паказаў, студыя гуказапісу, харэаграфічныя класы. Фінансаваліся работы згодна з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што першапачаткова былі два варыянты далейшага лёсу палаца: адрамантаваць яго або пабудаваць новы. Пасля абмеркавання прынялі рашэнне аднавіць будынак. "Гэта значны, у тым ліку архітэктурна, аб'ект для Оршы. Знайшлі тэхнічныя рашэнні, і будоўля пачалася, але яна не стартавала б без дапамогі Прэзідэнта: рэканструкцыя такога палаца была б не пад сілу раённаму бюджэту і абласному, было б складана справіцца", - дадаў губернатар.

У сценах рэканструяванага Палаца культуры плануюць праводзіць конкурсы і фестывалі, прэзентацыі, выставы, дзіцячыя праграмы, майстар-класы па дызайне, фларыстыцы, пашыве, вырабе аксесуараў. Больш за 50 відаў паслуг будуць аказваць платна.

Міністр культуры Юрый Бондар дадаў, што культура - гэта не толькі тое, што адбываецца на сталічных пляцоўках. У першую чаргу гэта рэгіёны з іх самабытнымі традыцыямі. "Другі дзень нараджэння Палаца культуры паслужыць новым імпульсам для развіцця творчай дзейнасці ў Аршанскім раёне. Будаўнікі малайцы, што здолелі захаваць гістарычнае аблічча будынка і ў той жа час зрабіць аб'ект культуры ў адпаведнасці з высокімі тэхнічнымі стандартамі", - сказаў міністр. Ён паведаміў, што за гады незалежнасці ў краіне аднавілі больш за 2 тыс. помнікаў гісторыі і культуры.

Палац пачаў працаваць у 1957 годзе як культурная ўстанова Аршанскага льнокамбіната. У 2010 годзе будынак перадалі на баланс аддзела культуры райвыканкама. Сёння тут функцыянуюць 19 аб'яднанняў розных напрамкаў (вакальныя, харэаграфічныя, тэатральныя, цыркавыя і іншыя), у тым ліку дзевяць для дзяцей. У гуртках займаюцца 442 чалавекі. Ва ўстанове дзейнічаюць шэсць народных калектываў і адзін са званнем "заслужаны".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі