Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 лістапада 2021, 16:52

Рэдкія ілюстраваныя выданні паэмы Дантэ "Боская камедыя" прадставілі ў НББ

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Боская камедыя" Дантэ", прысвечаная 700-годдзю сусветнага паэтычнага шэдэўра італьянскага паэта Дантэ Аліг'еры, адкрылася сёння ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Асаблівую ўвагу ў экспазіцыі ўдзялілі рарытэтным ілюстраваным выданням паэмы "Боская камедыя" з фондаў НББ. Сярод экспанатаў можна ўбачыць каштоўнае факсімільнае выданне, якое адносіцца да 1330 года. Гэта кніга дакладна ўзнаўляе першы рукапісны спіс паэмы, упрыгожаны каляровымі мініяцюрамі. На выставе таксама прадставілі адно з першых ілюстраваных друкаваных выданняў твора 1481 года, якое было выпушчана ў родным горадзе паэта - Фларэнцыі. Дарэчы, гравюры ў кнізе былі выкананы па работах вядомага італьянскага мастака эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.

"У арыгінале кніга называецца "La commedia", а цяпер яна нам больш вядома як "Боская камедыя". Гэта манументальная эпічная работа. Сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, маральна-філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі Ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці. Сама паэма складаецца з трох частак і ўключае 100 песень", - расказалі ва ўстанове.

У бібліятэцы таксама прадставілі шэдэўр кніжнай графікі ХІХ стагоддзя - цыкл гравюр французскага майстра Гюстава Дарэ да першай часткі паэмы, а таксама іншыя прыклады мастацкага асэнсавання неўміручага твора.

Выстава будзе працаваць па 16 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі