Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 красавіка 2021, 12:27

Рэальнасць вачамі беларускіх мастакоў можна будзе ўбачыць на выставе ў Мінску

12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава беларускіх мастакоў "Рэальнасць" адкрыецца 14 красавіка ў галерэі "Універсітэт культуры", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

У экспазіцыю ўвойдуць работы, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, акварэль, графіка. "Творча асэнсоўваючы навакольны свет, аўтары выкарыстоўваюць розныя інструменты, выяўленчыя сродкі. Абапіраючыся на сваё светаўспрыманне і вопыт, ствараюць новую рэальнасць. Работы выкананы ў класічных жанрах пейзаж, партрэт, нацюрморт, але заўсёды ёсць месца для эксперыменту, магчымасць сказаць сваё слова, і тады гэтыя межы не з'яўляюцца перашкодай для творчага самавыяўлення", - адзначылі арганізатары.

"Партрэт - гэта люстэрка, магчымасць убачыць і ацаніць самога сябе збоку, гэта інструмент самапазнання, паглыблення ў свет канкрэтнага чалавека. Па рысах твару мы бачым свет душы, па партрэтах сучаснікаў мяркуем пра эпоху, у якой жывём. На мяжы жанраў узнікаюць і змешваюцца сэнсы. Нацюрморт іншым часам набліжаецца да партрэта, калі прадметы сведчаць пра звычкі і густы ўладальніка, нясуць адбітак яго асобы, гавораць з намі, расказваюць гісторыі. У карціне нараджаецца новы вобраз. Пейзаж - гэта не толькі прыгожы краявід, але і выбар, густ аўтара, ён становіцца партрэтам, калі ў цэнтры ўвагі - жыццё чалавека", - дадалі ў галерэі.

Наведвальнікі на выставе ўбачаць работы дэкана мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кандыдата мастацтвазнаўства Ганны Конанавай і загадчыцы падрыхтоўчага аддзялення БГАМ, мастака-графіка Лізаветы Пастушэнка, выкладчыкаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Алены Карповіч і Наталлі Разуменка, а таксама жывапісца Сяргея Акеньшына.

Куратар выставы - Наталля Разуменка. Азнаёміцца з творчасцю беларускіх мастакоў можна будзе па 30 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі