Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 жніўня 2021, 17:25

Развіццё фестывальнага руху садзейнічае культурнаму турызму ў рэгіёнах - эксперт

27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развіццё фестывальнага руху прывяло да таго, што ў нас з'явіўся новы напрамак - культурны турызм. Аб гэтым сёння журналістам заявіла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка ў час круглага стала "Рэгіянальныя фестывалі і брэндавыя культурныя мерапрыемствы: захаванне і папулярызацыя нацыянальных традыцый, гісторыі, самабытнасці" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Уздым у развіцці фестывальнага руху пачаўся амаль 10 гадоў таму. Для таго каб рэгіён быў пазнавальны, у тым ліку і на міжнароднай арэне, у яго павінен быць свой брэнд. Забытыя рамёствы адраджаюцца і паказваюцца. Напрыклад, ёсць музей хлеба. Мясцовыя жыхары праводзяць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя яму. Госці нашай краіны ўжо мэтанакіравана прыязджаюць наведаць нейкае свята, каб адчуць нацыянальны каларыт. У сваю чаргу, гэта садзейнічае развіццю інфраструктуры раёна", - адзначыла Вольга Антоненка.

Паводле яе слоў, апошнія 30 гадоў фестывальная дзейнасць - найбольш эфектыўная форма захавання нацыянальных традыцый, гісторыі і самабытнасці. "Візітнымі карткамі Беларусі сталі "Славянскі базар у Віцебску", "Залаты шлягер" у Магілёве, "Белая вежа" ў Брэсце. Штогод у рэгіёнах нашай краіны праводзяцца больш за 50 розных фестываляў і свят. Напрыклад, стаўшыя ўжо традыцыйнымі міжнародныя фестывалі "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах, "Зямля пад белымі крыламі" ў Мазыры, "Магутны Божа" ў Магілёве, фестывалі народнай творчасці "Берагіня", "Аўцюкі", "Вясновы букет" і Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур", - дадала дырэктар.

"Рэгіёны ганарацца сваімі фестывалямі сярэдневяковай культуры, сямейнай творчасці, бардаўскай песні, традыцыйных рамёстваў. Ёсць і ўнікальныя фестывалі - "Слуцкія паясы", "Вішнёвы фестываль", "Дзень варэння", "Дзень агурка", "Дрыбінскія таржкі". Цікавыя і абрадавыя фестывалі, напрыклад, "Юраўскі карагод" у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Менавіта такія фестывалі дапамагаюць акунуцца ў наша старадаўняе мінулае і даведацца, як і чым жылі нашы продкі, якія рамёствы культываваліся, і ўжо ў наш час паспрабаваць сябе ў іх, - падкрэсліла Вольга Антоненка. - Фестывальная дзейнасць у сферы народнай творчасці дапамагае адраджаць, паглыбляць і пашыраць народныя традыцыі. Важна вывучаць фестывальныя карані, каб разумець, адкуль што пайшло".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі