Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2021, 18:09

Размову пра культуру без закрытых тэм правёў Маркевіч у Гомелі

12 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Міністр культуры Анатоль Маркевіч абмеркаваў пытанні рэканструкцыі сядзібы ў Хальчы, захаванне штатнага раскладу і нюансы развіцця галіны культуры на сустрэчы з калектывам Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчы вялася размова і пра рэканструкцыю сядзібы Войніч-Сенажэцкіх у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна. Гэты комплекс у стылі позняга класіцызму быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя. Да нашых дзён захаваліся двухпавярховы сядзібны палац, дом кіраўніка, сад, паркавыя насаджэнні ўздоўж берага ракі. Макет рэканструкцыі прадставілі міністру культуры, адкрытым застаецца пытанне фінансавання. Анатоль Маркевіч узяў тэму на заметку.

У час сустрэчы Анатоль Маркевіч адразу абазначыў, што гатовы да размовы без закрытых тэм. Закраналіся актуальныя праблемы ў сферы культуры ў цэлым. Гэта пошук новых форм работы, замацаванне моладзі на месцах, фарміраванне моцнага кадравага рэзерву, стварэнне структуры тыпавых штатаў у адпаведнасці з рэаліямі. Актуальна гэта пытанне і для палацава-паркавага ансамбля, якому патрэбна спецыфічная ўвага і догляд. Для гэтага сфарміраваны аптымальны штат спецыялістаў рознага профілю.

Пасля невялікай азнаямленчай экскурсіі па палацы Румянцавых і Паскевічаў Анатоль Маркевіч адзначыў, што наведванне такіх аб'ектаў дорыць людзям зарад добрага настрою і энергіі. "У такім унікальным месцы інакш і не можа быць. Дзяржава вельмі дбайна ставіцца да нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Кожны з такіх аб'ектаў захоўвае вялікую гісторыю. І мы павінны аб гэтым гаварыць адкрыта, запрашаць сюды маладых людзей і дарослых, каб яны маглі атрымаць асалоду ад хараства і прыгажосці гэтых аб'ектаў. У маштабах краіны іх даволі шмат. І добра, што мы знаходзім магчымасць падтрымліваць іх у належным стане, каб яны былі ў полі зроку і ўвагі людзей, - падкрэсліў міністр культуры. - Тут пранікаешся асаблівымі пачуццямі, якія дазваляюць упэўнена глядзець у заўтрашні дзень. Дзякуючы нашай гісторыі мы будуем планы на будучае, і яны абавязкова ажыццявяцца".

У міністэрстве падвялі вынікі работы ў галіне за папярэднія пяць гадоў. "Мы ўбачылі шмат пазітыўнага ў нашай сферы. Па ўсіх напрамках была праведзена вельмі сур'ёзная, карпатлівая работа. Безумоўна, разумеем, што існуюць праблемы. І 2020 год быў няпростым для галіны, улічваючы аб'ектыўныя прычыны. Не выкананы асобныя важныя эканамічныя паказчыкі: паступленні ад пазабюджэтнай дзейнасці, план па экспарце паслуг. Разумеем, што тут ёсць над чым працаваць. І планы амбіцыйныя", - падзяліўся міністр культуры.

Паводле слоў Анатоля Маркевіча, з пачатку 2021 года паступова ажыўляецца рух турыстаў. "Добра паказвае сябе і ўнутраны турызм. Усе аб'екты ўключаны ў турыстычную карту, і яны даступны для жадаючых атрымаць асалоду ад іх хараства. Гэта вельмі важна, бо ўсе разумеюць, што сродкі, якія ўкладваюцца ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, павінны вяртацца ў выглядзе матэрыяльных дывідэндаў. Разам з Міністэрствам спорту і турызму працуем у гэтым напрамку, разглядаем сітуацыю ў комплексе. Упэўнены, што план, які мы распрацавалі разам, прынясе вельмі добрыя вынікі", - рэзюмаваў ён.

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль - помнік прыроды рэспубліканскага значэння, помнік архітэктуры Гомеля другой паловы XVIII - сярэдзіны XIX стагоддзяў, комплекс помнікаў прыроды, гісторыі і архітэктуры. Палацава-паркавы ансамбль і яго музей па праву лічацца візітнай карткай рэгіёна, вядомым брэндам. Штогод яго наведваюць сотні тысяч турыстаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі