Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 сакавіка 2022, 09:01

Расоха: Нацыянальны канцэртны аркестр павінен насіць імя Фінберга

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі павінен насіць імя яго стваральніка Міхаіла Фінберга. Такое меркаванне выказаў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" новы мастацкі кіраўнік творчага калектыву Максім Расоха, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Вядома ж, гэты аркестр павінен насіць імя Міхаіла Фінберга. Я спадзяюся, што мы з гэтай ініцыятывай звернемся ў Міністэрства культуры і атрымаем падтрымку. Так павінна быць. Я думаю, што магчыма ўдасца зрабіць фестываль імя Міхаіла Якаўлевіча Фінберга - можа, у яго на радзіме ў Мазыры, можа, у Мінску. Ідэй шмат. Вядома, хацелася б увекавечыць гэта імя. Паколькі гэта эпоха, легенда", - сказаў Максім Расоха.

Новы мастацкі кіраўнік мае намер прадоўжыць традыцыі калектыву, адной з задач якога была папулярызацыя музыкі беларускіх аўтараў, і адначасова прыўнесці штосьці новае. "Тыя фестывалі, канцэртныя праграмы, якія калісьці рабіліся, мы гэта ўсё прадоўжым. Традыцыі, якія закладзены ў аркестры, мне блізкія, асабліва наша нацыянальная музыка. У прыватнасці, беларускі джаз, які я вельмі люблю і адкрываю пастаянна. У бліжэйшы час плануецца ўжо канцэрт у рамках фестывалю "Класіка ля ратушы", дзе, хутчэй за ўсё, прагучыць анталогія беларускага джаза. Гэта будзе ўпершыню ў Беларусі", - адзначыў мастацкі кіраўнік аркестра.

Максіма Расоху называюць мультымузыкантам. Ён быў артыстам і дырыжорам Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, галоўным дырыжорам канцэртнага аркестра "Няміга", дэканам аркестравага факультэта Акадэміі музыкі. Цяпер ён з энтузіязмам і аптымізмам глядзіць на сумесную работу з канцэртным аркестрам. "Я думаю, у нас будзе тандэм. Таму што тое, што робяць яны і што раблю я, - гэта як два магніты, якія адзін аднаго прыцягваюць. Я прыйшоў у калектыў з нейкім багажом. Мне ёсць што сказаць, і я ведаю, што трэба рабіць, як дабівацца. Думаю, што з імі гэта будзе лёгка і вельмі цікава", - рэзюмаваў мастацкі кіраўнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі