
13 сакавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Расію на міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне-2017" у Кіеве прадставіць Юлія Самойлава, якая перамяшчаецца на інваліднай калясцы. Аб гэтым было аб'яўлена напярэдадні познім вечарам у эфіры расійскага Першага канала, які завяршыў унутраны конкурсны адбор, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Спявачка з дзяцінства мае першую групу інваліднасці, што не перашкаджае ёй быць вельмі абаяльнай і жыць поўным жыццём. Юлія Самойлава нарадзілася ў 1989 годзе ў Рэспубліцы Комі, неаднаразова перамагала і станавілася лаўрэатам розных музычных конкурсаў. Так, у 2013 годзе яна стала фіналісткай трэцяга сезона праекта Алы Пугачовай "Фактар А", у 2014-м прымала ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў у Сочы.
Юлія Самойлава выступіць на конкурсе з песняй "Flame Is Burning", якую выканае на англійскай мове. Аўтарам музыкі кампазіцыі з'яўляецца Леанід Гуткін, які пісаў песні ўжо для расійскіх канкурсантак "Еўрабачання" мінулых гадоў - Паліны Гагарынай і Дзіны Гарыпавай.
Першы канал літаральна за некалькі гадзін да завяршэння тэрміну падачы афіцыйнай заяўкі назваў імя расійскага ўдзельніка "Еўрабачання-2017". Юлія Самойлава выступіць у другім паўфінале конкурсу 11 мая ў Кіеве.-0-