Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 лістапада 2022, 09:54

Расійскі фільм "Звон надзеі" прызнаны лепшым на "Лістападзіку"

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійская карціна "Звон надзеі" (2022) Аляксандра Куляміна прызнана лепшым фільмам конкурсу "Лістападзік". Урачыстая цырымонія закрыцця кінафестывалю, у ходзе якой аб'явілі пераможцу, прайшла 7 лістапада ў кінатэатры "Піянер" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў старшыня журы дзіцячага кінафестывалю генеральны дырэктар кінастудыі "Таджыкфільм" Махмадсаід Шахіён, работа прадаўжалася на працягу трох дзён. Трэба было зрабіць нялёгкі выбар. Ён суправаджаўся гарачымі спрэчкамі, у выніку якіх была знойдзена ісціна. "Фільм, які мы выбралі як лепшы, сёння вельмі актуальны, ён створаны для нашага часу. І адлюстроўвае тое, чаго не хапае, - веры і сапраўднага сяброўства", - сказаў ён.

У конкурсе ўдзельнічала шэсць фільмаў. Адразу некалькі ўзнагарод атрымала яшчэ адна расійская карціна "Зоркі мне пакажуць шлях" (рэжысёр Піліп Абруцін). Карціна ўдастоена асаблівага прыза дзіцячага журы, прыза сімпатый гледачоў, а галоўныя героі - Лізавета Бугулава і Іван Салаўёў - адзначаны ў намінацыях "Лепшая дзіцячая роля" і "Лепшая работа дарослага акцёра ў дзіцячым фільме".

Іван Салаўёў, атрымаўшы ўзнагароду на сцэне мінскага кінатэатра, адзначыў, што прысутнічаў на паказе, які адбыўся напярэдадні, і бачыў вочы гледачоў. "Гэта самая вялікая падзяка, калі фільм трапляе ў сэрца гледача, таму што менавіта для гэтага мы і здымалі кіно. Гэта перамога", - сказаў ён.

Спецыяльнага прыза журы конкурсу "Лістападзік" удастоены фільм "Абруч" (Турцыя, 2021, Ахмет Таклу). На думку журы, гэта абсалютна дзіцячае кіно, дзе галоўныя героі - таксама дзеці, якія робяць правільныя высновы, дапамагаюць бацькам. Член журы дзіцячага кінафестывалю расійскі кінапрадзюсар, стваральнік і кіраўнік кампаніі Russian World Vision Канстанцін Ёлкін прызнаўся: ён хацеў бы, каб яго сын паводзіў сябе гэтак жа, як героі названага фільма.

Спецыяльнымі дыпломамі адзначаны карціны "Новыя багі. Адраджэнне Нэчжы" (КНР, 2021, Чжаю Цзі), "Як прымусіць бацькоў развесціся!" (Канада, 2022, Сандрын Бродэр-Дэразье) і "Тарлан" (Казахстан / Расія, 2022, Юлія Захарава).

Член журы дзіцячага кінафестывалю беларуская актрыса тэатра і кіно, спявачка, тэлевядучая, дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей у размове з журналістамі прызналася, што судзіць было вельмі складана, членам журы было няпроста прыйсці да кансэнсусу. Актрыса расказала, што "Звон надзеі" крануў яе сэрца, неаднаразова выклікаў слёзы, а таксама ўсмешку. "Я стараюся ацэньваць любое мастацтва сэрцам і душой. Мастацтва можа быць выражана па-рознаму: розныя могуць быць формы, рашэнні сцэн, прыдумкі, але калі фільм трапляе ў самае сэрца, калі выклікае эмоцыі, ён заслугоўвае самай пільнай увагі, - падкрэсліла яна. - Самае галоўнае, што павінна быць у фільмах для дзяцей, - эмоцыі. Мне спадабалася, як дзеці яго глядзелі, якія былі водзывы і якія яны задавалі пытанні".

Пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі быў паказаны фільм, які атрымаў на "Лістападзіку" галоўны прыз.

Вялікая зала кінатэатра "Піянер" стала асноўнай пляцоўкай "Лістападзіка" на ўсе тры дні работы секцыі, у якую накіравалі больш за 400 заявак з больш як 50 краін. У адпаведнасці з рэгламентам фестывалю ў "Лістападзіку" ўдзельнічалі поўнаметражныя карціны, створаныя ў 2021-2022 гадах. XXVIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" адкрыўся 4 лістапада ў сталічным кінатэатры "Масква" і праходзіць пад дэвізам "Сапраўдныя каштоўнасці".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі