Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лістапада 2020, 09:01

Радыёканал "Культура" прысвеціць тэматычны эфір памяці Уладзіміра Караткевіча

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная эфірная акцыя "Прысвячаецца Уладзіміру Караткевічу" да 90-годдзя з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры пройдзе на канале "Культура" Беларускага радыё. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

У час радыёэфіру будуць аб'яўлены вынікі інтэрактыўнага конкурсу чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду". "Конкурс быў абвешчаны вясной. Да ўдзелу запрашаліся аматары і прафесіяналы, якія прыслалі аўтарскія прачытанні паэзіі класіка. Імёны пераможцаў у розных намінацыях і ўзроставых групах творчага спаборніцтва будуць аб'яўлены 26 лістапада, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў праграме "Сустрэча пад вечар", - расказалі ў прэс-службе.

З кастрычніка ў "Радыёбіятэцы" канала "Культура" гучыць твор "Дзікае паляванне караля Стаха", а ў гэтыя дні праект "Літаратурная анталогія" прапануе слухачам раман "Чорны замак Альшанскі" ў прачытанні акцёра Алега Вінярскага. У рамках праекта для дзяцей і падлеткаў "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" па панядзелках і аўторках гучаць фрагменты рамана "Каласы пад сярпом тваім".

26 лістапада, непасрэдна ў дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, у 12.15 і 18.15 выйдзе ў эфір спецыяльны выпуск перадачы "Дыялогі пра культуру", у якой прагучыць голас пісьменніка з фондаў Беларускага радыё. 27 лістапада ў 15.00 і 21.30 праект "Культурныя скрыжаванні" прапануе аўтарскае прачытанне твора "Каласы пад сярпом тваім". У выхадныя 28 і 29 лістапада ў 9.45 і 16.00 прагучаць вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч.

У прэс-службе медыяхолдынга таксама нагадалі, што сацыякультурны тэлеканал медыяхолдынга "Беларусь 3" падрыхтаваў да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча 26 лістапада тэматычны кінапаказ экранізацый яго твораў і падборку дакументальных праектаў аб жыцці і творчасці майстра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі