Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 студзеня 2021, 11:01

Радыёканал "Культура" падрыхтаваў тэматычную праграму да 100-годдзя Шамякіна і Мележа

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канал "Культура" Беларускага радыё адзначыць гадавіны з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа спецвыпускамі ўласных праектаў і падборкай аўдыяпастановак паводле твораў двух класікаў айчыннай літаратуры. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, якое святкуецца 30 студзеня, спецыялізаваная радыёхваля пачне адзначаць ужо ў гэтыя выхадныя. У першую чаргу канал парадуе аматараў літаратуры. Так, 23 і 24 студзеня ў напаўненні перадачы "Радыётэатр плюс", якая пачнецца ў 21.30, выкарыстаюць дзве часткі радыёспектакля "Адна на падмастках" паводле аднайменнай аповесці класіка. Галоўную ролю ў пастаноўцы 1994 года выканала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Непасрэдна ў святочныя выхадныя 30 і 31 студзеня ў літаратурна-мастацкім праекце "Радыётэатр плюс" прагучаць радыёспектаклі "Трывожнае шчасце" і "Выгнанне блудніцы" паводле твораў Івана Шамякіна.

"Гэтыя аўдыяработы, створаныя паўстагоддзя таму з удзелам акцёраў двух галоўных драматычных тэатраў краіны - імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, - не страчваюць сваёй актуальнасці, - сказаў дырэктар канала "Культура" Уладзімір Трапянок. - 1960-я, дарэчы, сталі пачаткам зорнага часу айчыннага радыётэатра, калі былі вызначаны асноўныя напрамкі яго развіцця, мастацкія крытэрыі і вартасці. Юбілейныя даты дазваляюць нам зноў вяртацца да выбраных радыёпастановак, каб нагадаць пастаяннаму слухачу, а таксама азнаёміць падрастаючае пакаленне з лепшымі літаратурнымі творамі Беларусі, якія некалі набылі аўдыягучанне і сталі здабыткам мастацкага вяшчання краіны".

Дарэчы, 30 студзеня на тэлеканале "Беларусь 3" можна будзе ўбачыць экранізацыю рамана Івана Шамякіна "Вазьму твой боль" і дакументальнага фільма "Іван Шамякін: трывожнае шчасце пісьменніка" з цыкла "Запіскі на палях".

Яшчэ адзін 100-гадовы юбілей - з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, які прыпадае на 8 лютага, - радыёканал "Культура" адзначыць у першыя выхадныя апошняга зімовага месяца трансляцыяй пастановачных апавяданняў "У завіруху" і "Ноччу", радыёспектакляў "Хто прыйшоў уначы" і "Подых навальніцы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі