Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 снежня 2022, 09:12

Работы беларускіх аўтараў прадстаўлены на арт-біенале ў Бангладэш

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работы беларускіх аўтараў прадстаўлены на 19-м міжнародным Азіяцкім арт-біенале ў Бангладэш, што 8 снежня адкрылася ў сталіцы краіны - горадзе Дака, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Нашу краіну на гэтым мерапрыемстве прадстаўляе творчая дынастыя: Людміла Пятруль, аўтар твораў арт-тэкстылю, габелена, і яе сын скульптар Максім Пятруль, вядомы шырокаму колу сваімі творамі гарадской скульптуры ў Мінску і Мінскім метрапалітэне.

Урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла з удзелам прэм'ер-міністра Бангладэш Хасіны Шэйх. Арганізатары - Міністэрства культуры Бангладэш, Мастацкая акадэмія Шыпакала ў г.Дака. На выстаўцы прадстаўлены творы аўтараў са 114 краін свету, у падзеі ўдзельнічаюць 493 мастакі, якія прывезлі 712 сваіх твораў, адабраных з ліку заявак міжнародным журы гэтага конкурсу.

Азіяцкае арт-біенале - адзін з самых маштабных мастацкіх праектаў. Першая такая экспазіцыя адбылася ў 1981 годзе.

У рамках біенале праходзіць таксама міжнародная навуковая канферэнцыя і форум па пытаннях развіцця мастацтва. Экспазіцыя праходзіць у Нацыянальнай мастацкай галерэі краіны і прадоўжыцца роўна месяц, да 7 студзеня 2023 года.

Людміла Пятруль працуе з мноствам тэхнік, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным мастацкім тэкстылі. Пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных арт-праектаў. Вядома сваімі габеленавымі і графічнымі творамі, прысвечанымі творчасці беларускіх літаратараў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія знаходзяцца ў зборах літаратурных музеяў Мінска і Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Максім Пятруль працуе як са станковай, так і з гарадской скульптурай. Актыўна прымае ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, у калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая. Яго гарадскія скульптуры ўстаноўлены ў Беларусі, Кітаі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі