Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 верасня 2021, 11:46

Работы беларускай мастачкі Святланы Кастрыцы прадставілі на выставе ў Мінску

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейная выстава Святланы Кастрыцы "Пейзаж&нацюрморт" адкрылася 28 верасня ў мастацкай галерэі "Мастацтва". Аб гэтым БЕЛТА паведаміла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

У экспазіцыі прадставілі жывапісныя работы Святланы Кастрыцы, напісаныя ў час падарожжаў па Беларусі, Сербіі і іншых краінах Еўропы.

"Энергетыка яе пейзажаў вельмі розная, - адзначае мастацтвазнавец. - Здаецца, што мастачка не проста любуецца натурай, а ўтаймоўвае яе і правакуе. Аднак у той жа час мы бачым і процілеглыя работы, у якіх ёсць таямнічая лірыка".

На выставе можна ўбачыць шмат эцюдаў. Паводле слоў Наталлі Шаранговіч, пейзажы мастачкі вызначаюцца асаблівым каларытам, душэўнасцю і чысцінёй. "Натурныя назіранні за асаблівасцямі разнастайных ландшафтаў, сонечны настрой лясных палян, замалёўкі марскіх хваль і ціхія затокі з яхтамі перададзены ў свабоднай і экспрэсіўнай манеры. Гэтыя творы кожны раз захоўваюць усю веліч зменлівай прыроды", - дадала яна.

"Камерныя нацюрморты Святланы Кастрыцы прасякнуты шчырасцю і замілаваннем простымі прадметамі. Мастачка малюе іх буйным планам, каб усе дэталі і фрагменты добра прачытваліся. Тым самым яна ператварае іх у сімвалы. Яна не проста бачыць прыгожае, а глыбока адчувае яго і адлюстроўвае на палатне", - падкрэсліла мастацтвазнавец.

Выстава прадоўжыцца да 17 кастрычніка.

Святлана Кастрыца нарадзілася ў 1971 годзе ў Мінску. У 1996 годзе скончыла аддзяленне станковага жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў. З'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. З 2007 года выкладае ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава. Яе работы знаходзяцца ў зборах Міністэрства культуры Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях Грэцыі, Балгарыі, ЗША, Расіі, Кітая, Польшчы, Турцыі, Сербіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі