Сцяг Нядзеля, 21 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2017, 09:36

Пуцёўку на "Еўрабачанне-2017" ад Беларусі выйграла група NAVIBAND

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пуцёўку на "Еўрабачанне-2017" ад Беларусі выйграла група NAVIBAND, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА па выніках фіналу нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс песні.

Па выніках галасавання гледачоў і журы каманда стала лепшай.

Пасля агучвання вынікаў галасавання гледачоў музыканты аказаліся не ў лідарах, але журы паставіла NAVIBAND самы высокі бал (12), што зрабіла групу пераможцамі. Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук выканалі песню "Гісторыя майго жыцця" на беларускай мове. Аўтар песні - Арцём Лук'яненка.

Прымаючы дыплом пераможцы адбору на "Еўрабачанне-2017", Ксенія Жук не змагла стрымаць слёз радасці.

Музыканты ўдзельнічалі ў фінале адбору з беларускамоўнай песняй другі раз. Артысты лічаць, што сёння - самы час праспяваць на "Еўрабачанні" па-беларуску.

У дзень фіналу артысты выпусцілі трэці за сваё нядоўгае творчае жыццё альбом. Альбом "Ілюмінацыя" даступны ў інтэрнэце з 20 студзеня, а прэзентуюць артысты яго на канцэрце 14 лютага ў Мінску. Калектыву крыху больш за тры гады, але музыканты ўжо маюць вялікую армію паклоннікаў і шчыльны гастрольны графік.

Група NAVIBAND - афіцыйны прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2017" у Кіеве (Украіна) вызначаны ў час трансляцыі фіналу галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па формуле 50x50.

Усяго 13 фіналістаў конкурсу прадставілі ў фінале свае кампазіцыі.

Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў маі ў сталіцы Украіны Кіеве.

Арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і далейшую падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі