Сцяг Нядзеля, 23 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 чэрвеня 2024, 17:27

Пушкін і Беларусь: да 225-годдзя з дня нараджэння паэта

Фота з архіва
Фота з архіва
6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 225 гадоў з дня нараджэння вялікага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Творы Пушкіна знаёмы кожнаму беларускаму чытачу з дзяцінства. З Беларуссю аўтара "Яўгена Анегіна" звязвае тое, што яго продкі і нашчадкі ў свой час жылі на нашай зямлі і пакінулі тут свой след.

Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, паэт, драматург, празаік, крытык і тэарэтык літаратуры, з'явіўся на свет 6 чэрвеня 1799 года ў Маскве. Ён нарадзіўся ў сям'і радавітых дваран. Шырока вядомы факт, што яго прадзедам па лініі маці быў афрыканец Абрам Пятровіч Ганібал, ваенны інжынер і генерал пры Пятру I. Старажытны род Пушкіных бярэ пачатак ад Рыгора Пушкі, радзімай якога, паводле адной з версій даследчыкаў жыцця і творчасці паэта, быў Навагрудак. Спецыялісты па геральдыцы знайшлі элементы беларускай сімволікі ў радавым гербе сям'і.

Падарожжы па Беларусі

Аляксандр Сяргеевіч Пушкін двойчы праязджаў цераз беларускія землі. Першы раз - у 1820 годзе, калі пісьменнік накіроўваўся у ссылку з Пецярбурга ў Кішынёў. Другі раз яго шлях праходзіў цераз Беларусь у 1824 годзе, калі ён вяртаўся ў радавы маёнтак Міхайлаўскае пад нагляд паліцыі. Пушкін праязджаў Магілёў, Оршу, Віцебск і іншыя гарады.

Пра першы візіт паэта ў Магілёў успамінаў не захавалася. Пра другое наведванне расказвалі А.Куцынскі і А.Распопаў, якія ў той час служылі ў Лубенскім палку, раскватараваным у Магілёве. Магіляўчане адразу звярнулі ўвагу на паэта: ён хадзіў па горадзе ў рускай кашулі і ботах. На плечы накідваў афіцэрскі шынель, а на галаву надзяваў ярмолку. За ім звычайна ішоў слуга, апрануты татарынам.

Чыноўнікі і большасць афіцэраў губернскага цэнтра праігнаравалі прыезд Пушкіна, і толькі некалькі афіцэраў мясцовага гарнізона, даведаўшыся аб прыездзе Аляксандра Сяргеевіча, падрыхтавалі яму ўрачыстую сустрэчу, якая доўжылася да чатырох раніцы. Той ноччу паэт чытаў вершы, многія з якіх былі імправізацыяй.

Паводле сведчанняў сучаснікаў, Аляксандр Пушкін не раз заяўляў, што Магілёў яму спадабаўся. Асабліва ўразіла архітэктура, адзенне жыхароў горада, тое, як яны размаўлялі.

З Магілёва Пушкін адправіўся ў Оршу, адтуль - у Віцебск і Полацк. 8 жніўня 1824 года Аляксандр Сяргеевіч зрабіў прыпынак у вёсцы Колпіна Віцебскай губерні. У час паездак ён сустракаўся і размяўляў з сялянамі, назіраў за іх жыццём. Як вынік, у яго творах сустракаюцца беларускія тапанімічныя назвы, розныя беларускія словы. У сваёй "Гісторыі Пугачова" Пушкін прыгадвае "раскольніцкую" слабаду Ветку. У "Барысе Гадунове" можна знайсці: "Пей, да себя разумей", "Выпьем же чарочку за шинкарочку". Існуе думка, што пісьменнік падслухаў такія лінгвістычныя каларытныя словы ў свайго ўпраўляючага Восіпа Пянькоўскага - беларуса па паходжанні. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам галоўнага героя рамана "Дуброўскі" стаў збяднелы беларускі дваранін Павел Астроўскі, які жыў на Міншчыне, а затым сядзеў у астрогу ў Віцебску менавіта за тыя подзвігі, якія і апісваюцца ў рамане Пушкіна.

Нашчадкі Аляксандра Пушкіна

Старэйшы сын паэта, Аляксандр, быў прафесійным ваенным - генералам кавалерыі. У 1860-я годы Аляксандр Аляксандравіч знаходзіўся на службе ў Віленскай ваеннай акрузе на пасадзе члена камісіі па сялянскіх справах. Герой руска-турэцкай вайны, узнагароджаны многімі ордэнамі, залатой шабляй "За храбрасць", ён камандаваў 13-м Нарвскім гусарскім палком, які ў 1870-я гады быў раскватараваны ў Навагрудку. Тут генерал Пушкін з сям'ёй жыў некалькі гадоў, тут жа быў пахаваны яго маленькі сын Пётр. Магіла ўнука вялікага паэта на старых гарадскіх могілках захавалася да нашых дзён.

Усё сваё жыццё Аляксандр Аляксандравіч шанаваў памяць бацькі, захоўваў яго архіў і бібліятэку, перадаў іх у канцы жыцця Румянцаўскаму музею і Пушкінскаму дому. Ён памёр у 1914 годзе ва ўзросце 81 год. Пахаваны пад Масквой, у горадзе Чэхаве.

Аляксандр Аляксандравіч Пушкін быў самым шматдзетным сярод сваіх братоў і сясцёр - усяго ў яго было 13 дзяцей ад першага і другога шлюбаў, у тым ліку восем дачок. Адна з іх, Наталля (унучка паэта), выйшла замуж за Паўла Аркадзьевіча Варанцова-Вельямінава, афіцэра Нарвскага гусарскага палка, якім камандаваў яе бацька. Пайшоўшы ў адстаўку, Варанцоў-Вельямінаў з жонкай пасяліўся ў сваім маёнтку ў вёсцы Вавулічы пад Бабруйскам (цяпер вёска Дубоўка). Акрамя гэтай сядзібы ў сямейнай пары быў дом у горадзе, дзе часта збіраліся госці. Наталля Аляксандраўна захаплялася раслінаводствам - яе сямейства высадзіла ў Бабруйску першыя каштаны. Некаторыя з іх і сёння ўпрыгожваюць цэнтр горада. На месцы ж драўлянага дома, дзе жыла ўнучка паэта, на сучаснай вуліцы Сацыялістычнай, знаходзіцца гарадскі палац шлюбу.

На Бабруйшчыне сям'я Варанцовых-Вельямінавых пражыла шчасліва ўсё жыццё. Наталля Аляксандраўна была рознабаковай, разумнай жанчынай, сярод яе сяброў былі пісьменнікі Іван Тургенеў і Фёдар Дастаеўскі. Яна добра малявала, пісала вершы (праўда, ніколі не спрабавала іх публікаваць) і нават уласнаручна ткала цудоўныя палотны з беларускімі ўзорамі. Унучка Пушкіна актыўна займалася дабрачыннасцю, вяла асветную работу сярод сялян. На яе сродкі ў вёсцы Цялуша былі пабудаваны школа, царква, бібліятэка.

Калі ў 1912 годзе Наталля Аляксандраўна памерла ад запалення лёгкіх, у апошні шлях яе праводзілі сотні сялян. Магіла Варанцовай-Вельямінавай знаходзіцца ў Цялушы, каля царквы. У памяць пра велікадушную жанчыну і яе знакамітага дзеда ў вёсцы праходзяць Пушкінскія чытанні, дзе збіраюцца аматары творчасці паэта.

У школе-інтэрнаце Цялушы дзейнічае музей А.С.Пушкіна, дзе прадстаўлена беларуская галіна генеалагічнага дрэва нашчадкаў пісьменніка. Яе склаў паэт і літаратуразнавец Міхась Ткачоў, вылучыўшы з усіх нашчадкаў Пушкіна (а іх на канец мінулага стагоддзя было больш за 300) бабруйскую лінію, у якой налічвалася 84 прадстаўнікі мужчынскага і жаночага полу.

Пушкін у беларускай культуры

У 1938 годзе ў Мінску была выдадзена паэма Аляксандра Пушкіна "Палтава", перакладзеная на беларускую мову Якубам Коласам. "Я добра помню: у дзіцячыя гады ў маёй пастухоўскай торбе ляжаў невялікі, вельмі падзёрты томік пушкінскай паэзіі. Да таго часу я ўжо так-сяк навучыўся чытаць, і чытанне стала маім захапленнем. Я мог прачытаць на памяць ад пачатку да канца "Палтаву", "Братоў-разбойнікаў", "Цыганоў" і шмат лірычных вершаў", - расказваў беларускі класік.

Творчасцю Пушкіна захапляліся многія беларускія пісьменнікі, у іх ліку - Максім Багдановіч, Янка Купала, Змітрок Бядуля і іншыя. Пасля смерці вялікага паэта Адам Міцкевіч, які сябраваў з ім, пісаў: "Ніхто не заменіць Пушкіна. Толькі аднойчы даецца краіне нарадзіць чалавека, які ў такой найвышэйшай ступені спалучае ў сабе такія розныя якасці".

Нядзіўна, што адкрытая ў 1900 годзе першая мінская публічная бібліятэка (цяпер - Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна), была названа імем вялікага паэта. У 1999 годзе з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння класіка Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту таксама было прысвоена імя А.С.Пушкіна.

Імя паэта ўжо ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзя аказалася ўвекавечана ў назвах праспектаў, вуліц, плошчаў, сквераў многіх беларускіх гарадоў - вялікіх і малых. Помнікі Аляксандру Пушкіну былі ўстаноўлены ў Магілёве і Віцебску, а ў 1999 годзе і ў Мінску. Дата адкрыцця помніка ў сталіцы была прымеркавана да 200-годдзя з дня нараджэння паэта. Аўтарамі сталі архітэктары Рыгор і Юрый Арэхавы. Выкананая з бронзы скульптура паэта паказвае Пушкіна, які сядзіць на лаўцы.

Мерапрыемствы, прысвечаныя 225-годдзю А.С.Пушкіна

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею вялікага рускага паэта, праходзяць па ўсёй Беларусі.

Літаратурна-музычная вечарына "Шыр бязмежная на ўсход", прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, 225-годдзя Аляксандра Пушкіна і 210-годдзя Міхаіла Лермантава, прайшла 2 красавіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Таксама ў красавіку ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна прайшла выстава "Пушкінскія музеі Расіі", якую прадставілі ўстановы культуры, аб'яднаныя імем вялікага паэта. 30 мая ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбыўся паказ музычнага опернага спектакля ў дзвюх дзеях "Казка пра цара Салтана...", прымеркаваны да юбілеяў двух класікаў рускай культуры - 225-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна і 180-годдзя з дня нараджэння Мікалая Рымскага-Корсакава. 1 чэрвеня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбылася прэм'ера спектакля з аднайменнай назвай.

Дызайнеры "Млына моды" прадставілі Беларусь на Міжнародным конкурсе дызайнераў і мастакоў на лепшы касцюм герояў твораў А.С.Пушкіна "Пушкінскі баль", які праходзіў у Санкт-Пецярбургу з 30 мая па 1 чэрвеня. Завяршыўся праект грандыёзным касцюміраваным Пушкінскім балем 1 чэрвеня ў Расійскім этнаграфічным музеі.

6 чэрвеня 2024 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку "225 гадоў з дня нараджэння А.С.Пушкіна". На паштовай марцы і купоне - ілюстрацыі да рамана ў вершах "Яўген Анегін". На канверце Першага дня - ілюстрацыі да паэмы "Руслан і Людміла" і "Казкі пра цара Салтана...".

У верасні Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы плануе стаць удзельнікам фестывалю ва Ульянаўску "Еду ў Сімбірск... А.С.Пушкін". Там ён прэзентуе выставу, прысвечаную Янку Купалу (які не толькі высока цаніў творчасць Аляксандра Пушкіна, але і быў перакладчыкам паэмы "Медны коннік") і рускай літаратуры.

Тэма "Пушкін і Беларусь" даволі вялікая. Многае родніць класіка з беларускай зямлёй, і ў першую чаргу - яго творы. Праходзяць дзясяткі і нават сотні гадоў, а мудрыя, цудоўныя пушкінскія радкі па-ранейшаму простыя і зразумелыя кожнаму.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі